Паўночная Карэя абвясціла локдаўн праз каранавірус
4- 12.05.2022, 15:07
- 5,862
Улады КНДР раней сцвярджалі, што ў краіне за час пандэміі не было зарэгістравана ніводнага выпадку заражэння.
Улады КНДР паведамілі аб першых у краіне выпадках заражэння каранавірусам, паведамляе BBC са спасылкай на паўночнакарэйскія СМІ.
Паведамляецца, што выпадкі заражэння варыянтам «Омікрон» былі выяўленыя ў Пхеньяне – аналізы ў жыхароў з сімптомамі Covid-19 былі ўзятыя 8 траўня.
Пасля гэтага ва ўсёй краіне быў уведзены рэжым «максімальнай надзвычайнай сітуацыі» і абвешчаны локдаўн. Колькі менавіта людзей заразілася, не паведамляецца.
Лідар КНДР Кім Чэн Ын загадаў падначаленым спыніць распаўсюджванне віруса і паабяцаў, што краіна пераадолее крызіс, які, з яго слоў, узнік нечакана.
«Ва ўсіх паветах і гарадах краіны, кожны заблакуйце свой рэгіён і надзейна закрыйце шляхі для распаўсюджвання шкоднага віруса. Мы пераадолеем крызіс, які раптам узнік, і абавязкова пераможам», - сказаў ён на спецыяльна скліканым у чацвер пасяджэнні палітбюро цэнтральнага камітэта Працоўнай партыі КНДР.
Кім Чэн Ын таксама загадаў узмацніць кантроль на межах краіны.
Улады КНДР раней сцвярджалі, што ў краіне за час пандэміі не было зарэгістравана ніводнага выпадку заражэння каранавірусам.
З іх слоў, не дапусціць пранікнення віруса ў краіну дапамагло, дарэчы, поўнае закрыццё межаў. Якія яшчэ захады дзейнічалі ў КНДР, невядома.
Пхеньян нават адмовіўся ад паставак вакцын у рамках міжнароднага механізму Covax, і прэпараты былі размеркаваныя паміж іншымі краінамі.
У ліпені 2020 года паведамлялася аб першым у краіне падазрэнні на каранавірус у перабежчыка, які вярнуўся на радзіму, аднак далейшай інфармацыі аб яго лёсе не было.
Экпэрты выказвалі сумневы ў тым, што КНДР удалося не дапусціць трапляння каранавіруса ў краіну.