Аляксандр Мусіенка: Лукашэнка паляцеў у ААЭ шукаць шляхі адступлення
36- 29.11.2023, 18:59
- 42,206
Але Захад запатрабуе ад яго сысці з улады.
Лукашэнка адправіўся ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, дзе праходзіць Сусветны саміт барацьбы са змяненнем клімату пад эгідай ААН.
Характэрна, што ААЭ - краіна, якая падпісала Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда, які ўжо выдаў ордэр на арышт Пуціна за выкраданні ўкраінскіх дзяцей, у якіх замешаны і Лукашэнка. Як вядома, МУС не заўсёды выдае свае ордэры публічна.
Ці можа Лукашэнка «далятацца» і быць арыштаваным? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з ваенным і палітычным экспэртам, кіраўніком украінскага Цэнтра вайсковых прававых даследаванняў Аляксандрам Мусіенкам:
- Так, можа. Мне падаецца, што сапраўдная прычына, чаму Лукашэнка паляцеў зараз у ААЭ, у тым, што ён спрабуе знайсці шляхі, каб мець хоць нейкія заходнія кантакты.
Бо на саміце будуць прадстаўнікі заходніх дзяржаў. Вось Лукашэнка і спрабуе хоць нейкім чынам знайсці шляхі адыходу, бо разумее, што ў Пуціна справы кепскія.
Цяпер мы назіраем, як ідзе разбурэнне АДКБ. Маю на ўвазе дэмарш Арменіі. На гэтым фоне шмат хто пачынае разумець (Лукашэнка ў тым ліку), што стаўка на Крэмль не згуляла. Вось ён і спрабуе знайсці хоць нейкія варыянты дамоўленасці з Захадам.
Але паколькі Лукашэнка задзейнічаны ў агрэсіі Расеі супраць Украіны, не думаю, што з ім зараз нехта будзе кантактаваць. Відавочна, што Захад выставіць яму ўмовы: сыход, правядзенне дэмакратычных выбараў, адказнасць і гэтак далей. Без гэтага з Лукашэнкам ніхто не будзе мець справу.
Увогуле, удзел беларускага дыктатара ў кліматычным саміце звязаны менавіта з гэтым. Бо дзе барацьба з кліматам, а дзе Лукашэнка. Можа, у яго агарод ёсць з арганічнымі прадуктамі. Стывена Сігала неяк морквай жа частаваў, але змена клімату яго не цікавіць.
- З кім Лукашэнка можа сустракацца на такіх форумах?
- Шмат з кім. Разумееце, за кулісамі там дастаткова шмат што адбываецца. І не абавязкова гэта будуць першыя асобы. Могуць быць нават непублічныя персоны, якія граюць другую ролю. Бо задача — перадаць пасланне, паслаць сігналы, а гэта можна рабіць не абавязкова праз першых асоб, а праз прадстаўнікоў нейкіх дэлегацый.
Такім Лукашэнка, дарэчы, ужо зарабляў. Памятайце, неяк яшчэ ў 2022-м годзе на пасяджэнне Генеральнай асамблеі ААН паехаў нябожчык Макей. На пляцоўцы мерапрыемства ён праводзіў даволі актыўную дзейнасць, спрабуючы наладзіць кантакты з ЗША, Брытаніяй, Францыяй. Але затым Макей раптоўна сканаў, і ўсё.
Цяпер Лукашэнка мала каму давярае са свайго асяроддзя, бо там шмат хто на сувязі з Крамлём, Лубянкай. Таму ён у пошуку шляхоў, разумеючы, што Пуцін зацягне яго на дно канчаткова. Гэта і ёсць сапраўдная мэта візіту ў ААЭ.
- Ці чакаць ад Украіны больш актыўных крокаў прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за выкрадання ўкраінскіх дзяцей?
- Спадзяюся, што гэтыя крокі будуць, таму што гэта вельмі балючае пытанне для нас. На ім акцэнтаваў увагу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. У нас над адказнасцю за выкраданні дзяцей працуюць грамадскія арганізацыі, якія актыўна ўсё адсочваюць.
Мая пазіцыя такая, што Лукашэнка павінен падзяляць з Пуціным адказнасць за тое, што адбылося. Гэта нельга пакінуць без адказнасці, таму адпаведная дзейнасць у нас вядзецца.