26 снежня 2024, Чацвер, 8:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Росквіт ВКЛ: як князь Лугвен далучыў да беларускай дзяржавы Ноўгарад, Вязьму і Смаленск

4
Росквіт ВКЛ: як князь Лугвен далучыў да беларускай дзяржавы Ноўгарад, Вязьму і Смаленск

Сын вялікага князя Альгерда пашырыў усходнія межы нашай дзяржавы.

Лугвен Альгердавіч, сын вялікага князя літоўскага Альгерда і цвярской князёўны Ульяны, нарадзіўся прыблізна ў 1355-ым годзе, пасля хрышчэння атрымаў імя Сямён. Упершыню імя згадваецца ў летапісах у 1379-ым годзе, калі ён разам з іншымі князямі падпісаў мірную дамову з тэўтонскім ордэнам. У 1385 годзе Лугвен Альгердавіч разам са сваім братам Ягайлам і іншымі князямі падпісвае таксама знакамітую Крэўскую унію. У 1386 годзе ўдзельнічае ў бітве пад Мсціславам супраць вялікага князя Смаленскага Святаслава Іванавіча, піша сайт vklby.com.

З 1389 да 1392 год Лугвен Альгердавіч быў князем у Вялікім Ноўгарадзе. У гэты перыяд ён таемна ад наўгародцаў прысягнуў Ягайлу як сюзерэну Ноўгарада. У 1390-ым годзе паспрабаваў далучыць Ноўгарад да Пскова, а ў 1391-ым годзе пад Арэшкам разбіў ганзейскіх піратаў-вітальераў.

Калі князь вярнуўся ў Літву, то атрымаў ад Ягайлы ва ўпраўленне Мсціслаўскае княства і пачаў праводзіць паспяховыя вайсковыя дзеянні на ўсходняй мяжы. У 1396 годзе ён разбіў войскі разанскага князя Алега. Праз шэсць гадоў, у 1402 годзе, зноў разбіў разанцаў пад Любуцкам, пры гэтым захапіўшы ў палон князя Радаслава Алегавіча. У наступным 1403 годзе ўзяў Вязьму, праз год Смаленск і далучыў да ВКЛ Варатынск. Зноў быў запрошаны на княжанне ў Ноўгарад, дзе прабыў да 1412-га года, адначасова з'яўляючыся намеснікам вялікага князя літоўскага Вітаўта ў Смаленску.

Каля Мсціслаўля ў 1407 годзе заснаваў Ануфрыеўскі манастыр, які славіўся сваім перапісваннем кніг і рукапісаў (на сённяшні дзень на месцы манастыра засталіся толькі руіны).

Разам з наўгародскай дружынай Лугвен Альгердавіч удзельнічаў у Грунвальдскай бітве ў 1410-ым годзе. Падчас бою ўзначаліў мсціслаўскую, аршанскую і смаленскую харугвы Літвы. Быў пастаўлены ў цэнтры саюзнага войска паміж палкамі ВКЛ і Польшчы, яго задачай было прыкрыць фланг польскага войска падчас ілжывага адступлення войскаў Літвы. Шляхам вялікіх страт у крытычны момант яго харугвы вытрымалі націск крыжакоў і дазволілі польскім войскам перастроіцца і пайсці ў контрнаступленне.

У 1411 годзе прыняў удзел у падпісанні Торуньскага міру. У гэты ж перыяд абараняў Ноўгарад ад шведскай агрэсіі і заключыў дамову з Ягайлам супраць крыжакоў. Праз інтрыгі маскоўскага княства зноў вымушаны быў пакінуць Ноўгарад і вярнуцца ў Мсціслаў.

Прыняў удзел у міжусобнай вайне за пасад ВКЛ у 1430-ым годзе на баку Свідрыгайлы супраць Жыгімонта Кейстутавіча.

Памёр Лугвен Альгердавіч у 1431 годзе ў Мсцістлаўле, стаўшы родапачынальнікам Мсціслаўскіх князёў і пакінуўшы пасля сябе двух сыноў Юрыя і Яраслава.

17 верасня 2010 года на замкавай гары ў Мсціславе ў гонар князя Лугвена Альгердавіча ўстанавілі памятны камень з надпісам «Сямёну Лугвену Альгердавічу, родапачынальніку князёў Мсціслаўскіх, герою Грунвальдскай бітвы, будаўніку праваслаўных святынь.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках