Як пры вялікім князю Вітаўту ВКЛ дасягнула піка магутнасці і сілы
2- 21.12.2023, 18:46
- 3,078
Тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага распасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мора.
Прыблізна ў 1377 годзе памёр князь Альгерд , пасля ягонай смерці пачалася вайна за ўладу ў княстве паміж ягоным сынам Ягайлам і братам Альгерда Кейстутам , піша сайт vklby.com.
Неўзабаве Ягайла забіў Кейстута, здолеўшы завабіць яго разам з сынам Вітаўтам у Крэва нібыта для мірных перамоваў. Будучы вялікі князь Вітаўт павінен быў таксама быць забітым, але здолеў уцячы да крыжакоў.
Пасля ўцёкаў Вітаўт пры дапамозе крыжакоў пачаў вайну супраць Ягайлы. У сваю чаргу Ягайла ў 1385 годзе заключыў Крэўскую унію, паводле якой узяў каталіцкую веру, пабраўся з польскай каралевай Ядвігай і стаў каралём польскім, абавязваючыся далучыць княства літоўскае з усімі землямі да Кароны польскай.
Перамога ў міжусобнай вайне за ўладу ў ВКЛ пачала схіляцца на бок Вітаўта. Аднак ён выдатна разумеў, хоць на ягоным баку больш перамог і паноў, а тры чвэрці тэрыторыі ў яго пад кантролем, трэба мірыцца з Ягайлам, бо крыжакі не выпусцяць шанец скарыстацца вайной паміж імі і захопяць спачатку Літву, а потым возьмуцца за Польшчу.
Ягайла таксама разумеў усю складанасць сітуацыі і пагадзіўся на мір з Вітаўтам. Вайна скончылася Астроўскім пагадненнем у 1392 годзе, паводле якога Вітаўт быў прызнаны вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім. Разам з прызнаннем Вітаўта вялікім князем літоўскім да тэрыторыі ВКЛ далучаліся Валынь, Луцк і Уладзімір-Валынскі.
Пасля заканчэння вайны з Ягайлам Вітаўт узяўся за ўмацаванне і пашырэнне тэрыторый ВКЛ. Так у вайне 1401–1404 гадоў ён змог далучыць Смаленскае княства.
Нягледзячы на відавочнае ўзмацненне і пашырэнне княства, пагроза ягонаму існаванню прадаўжала зыходзіць з поўначы, дзе знаходзіўся магутны вораг, Тэўтонскі ордэн. У вайне з ім і трэба было Вітаўту вызначыць, ці здолее ён застацца вялікім князем, а ВКЛ захаваць сваё існаванне.
Вайна з ордэнам пачалася ў 1409 годзе з паўстання ў Жамойці, якая хоць і адышла да Ордэна, але ВКЛ прадаўжала ўважаць яе сваёй тэрыторыяй. Вызначальнай падзеяй у гэтай вайне стала Грунвальдская бітва.
15 ліпеня 1410 года адбылася вялікая бітва паміж Тэўтонскім ордэнам з аднаго боку і ВКЛ з Польшчай з другога. Значнасць перамогі ў гэты дзень была велізарнай, бо абодва бакі сабралі вялікія сілы на полі бітвы.
Перамога была на баку Вітаўта і Ягайлы, яны змаглі адолець аднаго з самых магутных ворагаў ва ўсёй Еўропе. Гэтая бітва каштавала Тэўтонскаму ордэну страты магутнасці і з часам спынення ягонага існавання. ВКЛ і Польшча пасля перамогі сталі ў шэраг першаразрадных дзяржаваў той эпохі.
Перамогшы на Грунвальдзе, Вітаўт выратаваў Княства Літоўскае ад знішчэння, вярнуў сабе Жамойць, пазбавіўся ад моцы і пагрозы Тэўтонскага ордэна. Паводле дамовы з Ягайлам пасля гэтай перамогі Вітаўт атрымаў Падол, а Літва і Польшча заключылі ў 1413 годзе унію пра хаўрус.
Пасля перамогі над Тэўтонскім ордэнам Вітаўт не спыніўся і прадаўжаў займацца далейшым умацаваннем і пашырэннем Вялікага Княства Літоўскага. У яго за час кіравання атрымалася далучыць да ВКЛ шырокія тэрыторыі на ўсходзе: Арлоўскую, Калужскай, Курскую, Тульскую і Смаленскую землі, тым самым перасунуўшы межы з Маскоўскім княствам на ўсход ад Вязьмы, у раён Мажайска. На поўдні – Ніжнюю Падолію, землі паміж ніжняй плынню Днястра і Дняпра.
Пры Вітаўту Вялікае Княства Літоўскае стала самай магутнай і вялікай дзяржавай ва ўсходняй Еўропе. Ягоная тэрыторыя распасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мора. Ні да Вітаўта, ні пасля ягонай смерці ВКЛ ніколі не валодала такой сілай і магутнасцю.