Палітолаг: Усё, Лукашэнка сябе вычарпаў
22- 22.12.2023, 16:45
- 47,682
2023-ты стаў для дыктатара годам самоты.
Лукашэнка адчайна імкнецца дыстанцыявацца ад Расеі, якая аслабла праз вайну ва Украіне, але яго спробы не мелі поспеху. Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту Charter97.org выказаў вайсковы і палітычны экспэрт, кіраўнік украінскага Цэнтра вайсковых прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка.
- Якія галоўныя падзеі вы б адзначылі ў 2023-м годзе?
- На першае месца пастаўлю прадаўжэнне расейскай агрэсіі супраць Украіны, якая ўплывае на шмат што ў свеце. Напрыклад, на расстаноўку сіл і на сітуацыю з бяспекай. Другая падзея, якая выцякае з першай, гэта ўмацаванне Ўсходняга флангу NАТО і бяспекі Фінляндыі на фоне пагроз Пуціна, бо гэта змяняе архітэктуру бяспекі ў Еўропе.
Наступнае - атака ХАМАС на Ізраіль, якая ўплывае на міжнародны ландшафт. Вылучу і спробу наладзіць стасункі ЗША і Кітая.
Варта згадаць і бунт Яўгена Прыгожына ў Расеі. Прэцэдэнт, які прадэманстраваў, што і такое можа адбыцца ў РФ. Гэта аргумент скептыкам, якія казалі аб тым, што ў РФ такое немагчыма.
Яшчэ адна выдатная падзея, пра якую варта сказаць, гэта зварот Расеі па набоі да Паўночнай Карэі. Нячаста бывае, калі дзяржава, якая лічыцца моцнай, просіць у слабейшай узбраенне.
Асабіста мне яшчэ цікавая і перамога ў Аргентыне прэзідэнта Хаўера Мілея, які дэкларуе лібертарыянства і плануе на сваёй пасадзе яго ўвасабляць. Упершыню ў гісторыі Аргентыны прэзідэнтам стаў чалавек, які адкрыта дэкларуе сябе лібертарыянцам. Да гэтага там былі кансерватары, неакансерватары, лібералы і гэтак далей. Мне цікава, у што гэта ўсё выльецца.
- Вы адсочваеце і сітуацыю ў Беларусі. Якім гэты год быў для рэжыму Лукашэнкі?
- Як мне здаецца, з боку Лукашэнкі былі спробы дыстанцыявацца ад Расеі і Пуціна. Відавочна, што беларускі дыктатар не ўпэўнены ў будучыні Пуціна і ў тым, што РФ заўсёды будзе для яго надзейным плячом для захавання рэжыму.
Лукашэнка шукае шляхі аднаўлення эканамічных сувязяў. Давайце ўспомнім яго паездкі на Блізкі Усход, у Афрыку. Вялікая беларуская дэлегацыя некалькі тыдняў таму была ў В'етнаме. Гэта цікавы момант, які сведчыць аб тым, што, магчыма, дыктатарскі рэжым Лукашэнкі расчароўваецца ў тым, што адбываецца, разумеючы, што ў Расеі вельмі шмат праблем.
Падкрэслю, пэўныя працэсы сведчаць аб тым, што ён не ўпэўнены, ці будзе Расея падтрымліваць Беларусь. Дарэчы, гэта сігнал і для беларусаў, бо ў расейскай эканоміцы перспектывы далёка не радасныя. Асабліва пасля 12-га пакета санкцый.
Відавочна, што беларускі рэжым зараз шукае альтэрнатывы і ў эканоміцы, і ў іншых аспектах. Плюс неабходна разумець, што пасля авантур з “вагнераўцамі” Лукашэнка канчаткова расчараваны, бо разумее, што з ім ніхто не будзе размаўляць. Ён жа даваў нейкія "гарантыі" Прыгожыну, і гэта не спрацавала.
Ведаеце, лічу, што для Лукашэнкі 2023-ты год самоты і застою. Нейкіх ідэй, чагосьці новага, ён прапанаваць не можа. Лукашэнка вычарпаў сябе як палітык, як фігура. Усё, ён ужо нічога не можа. Адчайныя спробы знайсці нейкія рынкі, нейкія сувязі выглядаюць, проста недарэчна.
- Хацелася б пачуць ваш прагноз таго, якім будзе 2024 год?
- У геапалітычным плане наступны год будзе няпростым. Па-першае, працягваецца расейская агрэсія супраць Украіны. Па-другое, выбары ў ЗША, якія будуць уплываць на сусветныя падзеі. Па-трэцяе, ён будзе шмат у чым паказальным з пункту гледжання ўвогуле працягу расейска-ўкраінскай вайны на цяперашнім этапе. Мне здаецца, што бліжэй да канца 2024-га будуць бачныя больш ясныя перспектывы, у якой агляднай будучыні вайна можа скончыцца.
Я ўсё ж такі прагназую, што бюджэту, які Расея вылучыла на «абарону», наўрад ці хопіць на тэхналагічны рывок. Расейская эканоміка і ваенна-прамысловы комплекс будуць слабець.
Украіна ж разам з Еўропай будуць нарошчваць ВПК і працаваць над тэхналагічным і інавацыйным прарывам у сферы існых узбраенняў або перспектыўных. У сферы дронаў. Мяркую, што ў наступным годзе нас чакае прарыў па вытворчасці дронаў і ў цэлым рабатызаваных сістэм.
Думаю, што 2024-ты стане годам павелічэння вытворчасці ўзбраення. Надыдзе канчатковы злом парадыгмы тых палітычных курсаў, якія былі ў шматлікіх палітыкаў еўрапейскіх краін, якія лічылі, што неабходна ўкладваць у розныя сферы, але не надавалі належнай увагі ўзбраенню і бяспецы. Пералом гэтай парадыгмы - важная падзея, асабліва для Еўропы.