26 снежня 2024, Чацвер, 9:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Да ног ліцвінскага гетмана пераможцы кінулі трынаццаць сцягоў»

10
«Да ног ліцвінскага гетмана пераможцы кінулі трынаццаць сцягоў»

Як Януш Радзівіл распляжыў расейскага князя Адоеўскага.

У пачатку ліпеня 1654 года маскоўская раць рухалася да Смаленска. Палкі ішлі ўразброд, часам сувязь паміж часткамі царскага войскі гублялася. Аб руху войска цара Аляксея Міхайлавіча гетману літоўскаму Янушу Радзівілу своечасова даносілі лазутчыкі, якія былі разам з маскоўскімі палкамі, піша «Літвін».

Гетман выбіраў момант, калі можна будзе атакаваць авангард праціўніка. І такі момант выдаўся ў ноч з 4-га на 5-га ліпеня. Познім вечарам перадавыя атрады князя Адоеўскага спыніліся каля ракі Калодні, каб напаіць коней і адпачыць.

У лагеры князя апынуліся, як сведчылі відавочцы, рэйтары палкоўніка Піліпа-Альберта Фанбукавена, полк жаўнераў нямецкага найміта Франца Траферта і да пяці сотняў дваранскай конніцы. Усяго Перадавы полк Адоеўскага ацэньваўся ў пяць тысяч пяхоты і конніцы.

Магчыма, Адоеўскі быў занадта самаўпэўнены ў гэтую ліпеньскую ноч. За ім ішлі асноўныя сілы васпана. За палком князя Чаркаскага ішоў Васпанаў полк, а затым уся артылерыя. Адоеўскі меркаваў, што праціўнік не адважыцца атакаваць ягоных воінаў, бо ўдар па авангарду мог справакаваць вялікую бітву, а сілы ў літвінаў было няшмат. Да таго ж у блізкасці ад сіл Адоеўскага размясціліся Вартавы полк баярына Цёмкіна-Растоўскага і конніца Пятра Шарамеццева ў складзе, не меншым за 200 добра ўзброеных вершнікаў.

Януш Радзівіл паслаў на аванпосты партыю дэрпцкага харунжага Германа Ганскопа, які вёў пад сваімі сцягамі да 3 тысяч коннікаў. Гэта былі лёгкія гусары і рэйтары, добра навучаныя хуткай стральбе з пісталетаў.

У адрозненне ад бестурботнага Адоеўскага падпалкоўнік Ганскоп ішоў вельмі асцярожна, выслаўшы наперад свайго войска лёгкія рухомыя раз'езды. Ён выявіў, што лагер ворага каля ракі Калодні практычна не ахоўваўся. Гэта стала зразумелым ужо ўвечары. Разгром маскавітаў быў прадвызначаны. Але адразу падпалкоўнік атакаваць не стаў, загадаўшы жаўнерам не падаваць ніякіх сігналаў і моўчкі чакаць пад прыкрыццем прыбярэжных зараснікаў.

Калі зусім сцямнела, літвіны сталі бясшумна падыходзіць да лагера праціўніка, дзе воіны ўжо мірна размясціліся ля вогнішчаў і вячэраюць. З цемры і абрынулася на маскавітаў хвацкая атака гусараў і рэйтараў. Удар быў такі імклівы, што некалькі сотняў пяхотнікаў і драгунаў былі пасечаныя ў першыя ж хвіліны сутычкі. Байцы Адоеўскага нават і не падумвалі пра супраціў, бо кіравання ў маскоўскім авангардзе не было ніякага. Кожны думаў толькі аб асабістым выратаванні.

Атрад Адоеўскага зазнаў жахлівы разгром. Пасля да ног Януша Радзівіла пераможцы кінулі трынаццаць сцягоў. Столькі баявых рэліквій маскавіты не гублялі за ўсю кампанію 1654 года. Усяго было перабіта звыш тысячы пехацінцаў і кавалерыстаў маскоўскага авангарду. А яшчэ да 700 чалавек літвіны пашкадавалі. Іх забралі ў палон.

Сярод багатых трафеяў удалай для ліцвінскага войска бітвы выявіліся намёты і падводы, а таксама завадныя коні баярына Адоеўскага. Сам князь уцячы з месца катастрофы толькі дзякуючы кемлівасці свайго слугі, які накінуў на спадара непрыкметны ў ночы сярмяжны кафтан.

Трынаццаць сцягоў раці Адоеўскага былі са стаўкі князя Радзівіла ў Смаленску адпраўленыя пад адмысловым канвоем у Варшаву, дзе кароль Ян Казімір дзякаваў верным войскам пад Смаленскам ад імя ўсёй Рэчы Паспалітай за мужнасць і адвагу.

Далейшы лёс трафеяў, узятых літвінамі на рацэ Калодні, склаўся няпроста. Сцягі авангарду цара Аляксея захапілі ў Варшаве швэды ў 1655 годзе. Яны апынуліся ў складзе калекцыі каралеўскіх рарытэтаў, якую цяпер можна ўбачыць у стакгольмскім Музеі швэдскага войска.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках