Аляксандр Хара: Размова Лукашэнкі і Сі была для птушачкі
28- 4.12.2023, 15:47
- 47,098
Беларускі дыктатар - толькі выканаўца волі Крамля.
Лукашэнка з неанансаваным візітам адправіўся ў Пекін, дзе сустрэўся з кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам. Чаму беларускі дыктатар так зачасціў у Паднябесную? Пра гэта сайт Chаrter97.org пагаварыў з украінскім дыпламатам, палітолагам, экспэртам фонду "Майдан замежных спраў" Аляксандрам Харам:
- Лукашэнка ўжо даўно разглядае Пекін, скажам так, як вагар, які дазваляе яму зменшыць сваю залежнасць ад Расеі і нейкім чынам утрымацца на месцы. Па-другое, ва ўмовах вайны ён спрабуе атрымаць не толькі палітычныя інструменты ўтрымання пры ўладзе, але і эканамічныя. Зразумелая справа, што Кітай з'яўляецца адным з найбуйнейшых эканамічных цэнтраў, адпаведна, Лукашэнка спадзяецца такім чынам неяк вырашыць праблемныя эканамічныя пытанні. Так што ўсё вельмі лагічна.
Нічога не кажу пра іх светапогляд. Што Сі Цзіньпін, што Пуцін, што Лукашэнка - яны браты па розуме. Абсалютна натуральна, што беларускі дыктатар часта бывае ў Пекіне, ён хацеў бы больш дапамогі, больш гандлю, што ўзмацняла б ягоныя пазіцыі. Думаю, што Лукашэнка сапраўды верыць, што свет кардынальна зменіцца дзякуючы расейскаму ўварванню ва Украіну і нададзенай у гэтым дапамозе з боку ягонага рэжыму.
- Характэрна, што прэс-служба Лукашэнкі абмежавалася толькі абцякальнымі фразамі аб падтрымцы з боку Сі Цзіньпіна, праекце "Адзін пояс, адзін шлях". А вось агенцтва "Сіньхуа" напісала, што кіраўнік КНР і беларускі дыктатар казалі аб вайне ва Украіне. Чаму прэс-служба Лукашэнкі прамаўчала пра гэта, а кітайскае дзяржагенцтва падкрэсліла?
- Што тычыцца праекта "Адзін пояс, адзін шлях", то там зараз абсалютна няма пра што гаварыць з пункту гледжання беларускіх інтарэсаў, таму што кітайцы часова адмовіліся ад паўночнай часткі гэтага шляху. Яны зараз глядзяць на так званы сярэдні шлях, праз перш за ўсё Паўднёвы Каўказ. У сувязі з гэтым Азербайджан адыгрывае ключавую ролю, бо з Расеяй пагаршаныя стасункі ў Еўропе і тавары не могуць перамяшчацца ў такой колькасці, ёсць пытанні бяспекі і гэтак далей. Гэта значыць Лукашэнку можна колькі хочаш падтрымліваць гэтую ініцыятыву, казаць аб сваёй прывабнасці, але пакуль ідзе вайна - гэта тупіковая рэч.
Што да размоў наконт Украіны, то ў гэтым сэнсу няма. Размова была для галачкі, паколькі яна з'яўляецца (і я спадзяюся, што яна будзе абвешчаная) ваенным злачынцам. Лукашэнка замешаны ў незаконным захопе ўкраінскіх дзяцей, але таксама Беларусь з'яўляецца краінай-агрэсаркай нароўні з Расейскай Федэрацыяй, бо дала сваю тэрыторыю. Вы ж цудоўна разумееце, што нейкія мірныя ініцыятывы ад Лукашэнкі ні ў Кіеве, ні дзе-небудзь у Еўропе ніхто не будзе сур'ёзна ўспрымаць.
Кітай не памяняе сваю пазіцыю таксама, паколькі яны маўкліва на баку Крамля, ім не падабаецца блок NАТА. Яны хочуць, каб у ідэальным варыянце гэтая вайна закончылася перамогай Расеі, гэта азначала б вялікія шанцы для Кітая, што ён будзе развязаць свае праблемы іншым спосабам, перш за ўсё - у Тайвані, але і з еўрапейцамі таксама. Але сэнс гэтых размоў толькі для галачкі.
Калі вярнуцца ў 2014-ы год, думаю, што прэзідэнт Парашэнка зрабіў тады вялікую памылку, калі дазволіў ператварыць Менск у пляцоўку для дыскусій наконт спынення вайны. Гэта была жахлівая памылка, паколькі дала рэжыму Лукашэнкі пэўную легітымнасць, яна дала еўрапейцам магчымасць не выкарыстоўваць фразу "астатні дыктатар Еўропы". Зразумелая рэч, што паўтараць такіх памылак ніхто не збіраецца. Тым больш, што Лукашэнка не можа паўплываць ніякім чынам на пазіцыю Пуціна, ніякія мірныя ініцыятывы самастойнымі там быць у прынцыпе не могуць, бо гэта малодшы партнёр Пуціна. Ужо не кажу, што бачанне сітуацыі ва Украіне ў яго абсалютна скажонае. Таму тое, пра што яны там казалі, гэта як для сабакі стоп-сігнал, гэта значыць зусім не мае ніякага значэння.
- Лукашэнка стварае праблемы для Кітая на межах з ЕЗ, ставячы пад пагрозу транзіт у Еўропу міграцыйным крызісам. Ці маглі ў Пекіне размаўляць з Лукашэнкам пра гэтыя праблемы?
- Думаю, што Лукашэнка не той чалавек, з якім трэба размаўляць. Гэтыя пытанні трэба абмяркоўваць альбо з Пуціным, альбо з Патрушавым, паколькі падобныя рэчы былі штучна створаныя. Гэтая спецаперацыя ФСБ, КДБ з'яўляецца там проста выканаўцам, скажам так, тэхнічнай часткі.
На мяжы Расеі і Фінляндыі, дзе таксама з'явілася напружанне, паўтараецца тая ж самая гісторыя. Расея спрабуе стварыць пункт напружання для таго, каб расхістаць унутраную палітычную сітуацыю ў краіне. Плюс, адпаведна, дапамагчы вельмі правым сілам, у Фінляндыі гэта не варыянт, але ў іншых еўрапейскіх краінах - дастаткова рэалістычная рэч. Антыэмігранцкія, антыўцякацкія сілы ёсць, і яны атрымліваюць дадатковы бонус да сваіх лозунгаў, магчымасць прыйсці і да ўлады ці ўмацаваць свой уплыў. А гэта і трэба Пуціну, паколькі вельмі правыя ідыёты разам з вельмі левымі ідыётамі разгойдваюць сітуацыю. Яны выступаюць супраць падтрымкі Украіны, кажуць, што з Расеяй трэба неяк прымірацца і гэтак далей.
Я крыху ў бок сышоў, але сэнс у тым, што Сі Цзіньпіну размаўляць пра гэта з чалавекам, які не ўплывае на сітуацыю, няма сэнсу. Лукашэнка атрымлівае ўказанні з Масквы аб тым, як павінна прайсці аперацыя па ціску на суседзяў, але ён зусім несамастойны гулец, каб нейкім чынам вырашыць праблему ціску, бяспекі экспарту. Нават калі яны пра гэта і казалі, то гэта хутчэй у фармаце проста зачытаць нейкія пазіцыі, але дакладна не вырашаць пытанні.