«Муж і жонка з РФ наважыліся расслабіцца»
34- 18.06.2023, 15:22
- 46,730

Падрабязнасці затрымання ў Івацэвічах расейцаў на аўтамабілі з сімволікай Z.
Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання расейцаў у Івацэвічах. Нагадаем, мужчыны прыехалі ў горад на аўтамабілі з сімволікай Z. Іх затрымлівалі супрацоўнікі АМАП і ДАІ проста на паркоўцы каля крамы «Санта». За працэсам назіралі дзясяткі жыхароў горада.

Паводле інфармацыі тэлеграм-канала «Адваротны бок», у горад прыехала шлюбная пара расейцаў, якая «захацела расслабіцца». Пасля чаго «на нагах ледзь трымаліся абодва».
Далей, паводле інфармацыі канала, набліжанага да сілавікоў, яны з'язджалі «з гулянкі» на сваім аўто. Жанчына перадала стырно нецвярозаму мужу. Аўтамабіль спынілі супрацоўнікі ДАІ.
- Нягледзячы на ўсе папярэджанні, правапарушальнікі наважыліся зладзіць шоў, вось і атрымалі па поўнай праграме не толькі пратаколы за перадачу стырна і п'яную язду, але і за непадпарадкаванне, а аўтамабіль змясцілі на штрафстаянку, - паведамляе тэлеграм-канал і дадае, што «калі сеў п'яны за стырно, то не выратуе ніякая налепка на шыбе».

Кім быў другі затрыманы мужчына, у тэлеграм-канале не паведамляюць, як і пра тое, чаму давялося прыцягваць АМАП.
Афіцыйных каментараў ад МУС Беларусі наконт здарэння пакуль няма.