8 лiстапада 2024, Пятніца, 2:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі б не выклікалі хуткую, жыць мне заставалася б некалькі гадзінаў»

5
«Калі б не выклікалі хуткую, жыць мне заставалася б некалькі гадзінаў»

У 38-гадовай беларускі здарыўся інфаркт.

Маладая жанчына адпачывала ў кавярні ў цэнтры Вільні разам з сяброўкай. Раптам яна адчула сябе не вельмі добра, але не крытычна. Дзякуючы таму, што сяброўка ўсё ж выклікала хуткую, медыкі паспелі выратаваць беларуску.

Апавядаючы пра той дзень «Нашай Ніве», жанчына кажа, што ў яе ніколі не было праблемаў з сэрцам – і ў блізкіх сваякоў таксама.

– Дзень праходзіў як звычайна да 17:30, калі я адчула боль у грудзях. Здавалася, быццам нехта ціснуў на мяне. Але тым не менш боль быў сярэдні, напрыклад, мая менструацыя нашмат больш балючая. Таму першая рэакцыя была – трэба папіць вады, выйсці на свежае паветра ці, можа, крыху паляжаць.

Тэрмінова выклікаць хуткую дапамогу жанчына не бачыла сэнсу. Тое, што сяброўка не паслухала яе і ўсё ж патэлефанавала медыкам, у выніку выратавала ёй жыццё. Выслухаўшы апісанне сімптомаў, дыспетчар накіраваў машыну рэанімацыі.

Нягледзячы на вечаровыя заторы ў горадзе, хуткая прыехала ўжо праз 15 хвілінаў.

– Высветлілася, што жанчыны радзей распазнаюць сімптомы сардэчнага прыступу, церпяць і пазней звяртаюцца па медыцынскую дапамогу. Гэта мне лекары расказалі ўжо па дарозе ў лякарню і запэўнівалі, што я паступіла правільна. У цэлым брыгада хуткай была вельмі добразычлівай і прафесійнай, медыкі размаўлялі на трох мовах, са мной размаўлялі на расейскай і ангельскай, і стараліся маральна падтрымаць.

Медыкі зрабілі кардыяграму, паставілі кропельніцу, паслухалі і павезлі ў лякарню.

– У той момант мне стала вельмі сорамна, таму што боль пачаў спадаць, і я моцна нервавалася, што дарма выклікала хуткую – напэўна, іншым людзям яна была б больш патрэбная (сіндром добрай дзяўчынкі ледзь не каштаваў мне жыцця).

У шпіталі беларусцы давялося падпісаць некалькі дакументаў, у тым ліку згоду на атрыманне платных паслуг, бо яна не з'яўляецца рэзідэнткай Літвы.

– Усе пыталіся пра нейкую еўрапейскую страхоўку, не ведаю дакладна, што гэта, але раю ўсім зрабіць. Таму што ўвесь персанал бедаваў, што ў мяне яе няма, а гэта быў бы самы просты варыянт, і мне не давялося б нічога плаціць.

Высветлілася, што ў жанчыны адбыўся вельмі рэдкі тып інфаркту, які нельга прадказаць ці прадухіліць. Ён таксама не звязаны з якімі-небудзь чыннікамі рызыкі і вельмі цяжкі для дыягностыкі, сустракаецца толькі ў 1-3% выпадкаў. У зоне рызыкі жанчыны ва ўзросце 40–50 гадоў.

– Лекар сказаў, што яны такое бачаць не кожны год і нават надумалі апублікаваць медыцынскі артыкул пра мой выпадак. Мне вельмі пашанцавала, што мяне даставілі ў лякарню, таму што ўсе сімптомы былі даволі слабымі і ніяк не паказвалі на інфаркт ці ўнутраны крывацёк. Тэарэтычна ў любы момант мяне маглі выпісаць дадому. ЭКГ паказала мінімальнае парушэнне, але толькі калі яго рабілі лекары хуткай – а ў лякарні ўсё ўжо было больш-менш нармальна.

Пасля абмеркавання лекары ўсё ж пастанавілі правесці зандаванне сэрца, каб пацвердзіць, што гэта быў спазм, і адпусціць. Гэтая пастанова выратавала жыццё, бо падчас працэдуры яны выявілі парыў артэрыі і ўнутраны крывацёк.

– Паводле словаў лекараў, мне заставалася 1–2 гадзіны да вельмі сумнага зыходу маёй гісторыі. Мой анёл-захавальнік спрацаваў на ўсе 100%, як і ўвесь медыцынскі персанал. Мне паставілі стэнт, адправілі ў рэанімацыю пад назіранне, а праз дзень перавялі ў палату. Напэўна, я застануся тут яшчэ на тыдзень для кантрольнай праверкі. Пасля яны парэкамендуюць мне прайсці рэабілітацыю ў адным з санаторыяў. Калі мая страхавая пагодзіцца, я спадзяюся правесці 3-4 тыдні ў Друскінінкаі.

Беларуска падкрэслівае, што ўвесь медыцынскі персанал паводзіў сябе прафесійна, і яна адчувала сябе ў бяспецы.

– Вядома, зносіны і так званы bedside manner у прыёмным аддзяленні нагадвалі беларускі дзяржаўны сэрвіс. Але ўсе лекары гаварылі на добрай ангельскай або расейскай для зносінаў. Вядома, узніклі пытанні з аплатай і страхоўкай, і чамусьці яны развязваліся ў моманты, калі я толькі прыйшла ў сябе ў рэанімацыі – гэта, напэўна, быў адзіны момант, які крыху сапсаваў агульнае ўражанне. Але я магу дакладна сказаць – я вельмі шчаслівая, што апынулася ў Вільні ў камандзіроўцы ў такі момант. Мяркую, што гэта маё вялікае шанцаванне.

Беларуска раіць усім на ўсялякі выпадак пачытаць пра сімптомы сардэчных прыступаў, а таксама звярнуць увагу на тое, што ў мужчынаў і жанчынаў яны могуць адрознівацца. Таму што нават мінімальная абазнанасць можа выратаваць жыццё вам ці вашым блізкім.

– Не ігнаруйце боль, не трывайце (як спрабавала зрабіць я). Напэўна, самая важная рада – камунікаваць і расказваць пра свае сімптомы. Напрыклад, хоць мне і было ніякавата, што я мала пакутую, але я прагаворвала ўсе змены, якія адчувала: боль 8 з 10, цяпер боль ператварылася ў хвалі ад 0 да 5, цяпер боль перайшоў уніз і ў спіну (мой апошні каментар, дарэчы, дапамог лекару прыярытэзаваць маю жыццёва важную працэдуру). Не маўчыце, лекары не ўмеюць чытаць думкі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках