Авіярэйс да Парыжа экстранна вярнуўся ў Кракаў
- 16.10.2024, 14:45
- 4,006
Праз пагрозу аднаго з пасажыраў учыніць выбух на борце.
На борце рэйса з Кракава ў Парыж адбыўся інцыдэнт, калі 34-гадовы пасажыр напаў на іншага пасажыра і пагражаў узарваць самалёт. Гэта адбылося неўзабаве пасля ўзлёту, паведамляе польскае агенцтва PAP.
Юстына Дрождж, прэс-сакратарка Карпацкага аддзела Памежнай службы, распавяла, што капітан самалёта, заўважыўшы пагрозу, звярнуўся па дапамогу і пастанавищ вярнуць самалёт у аэрапорт Кракаў-Баліцэ. Нападнік, грамадзянін Польшчы, ударыў іншага пасажыра і пагражаў бяспецы рэйса.
Пасля вяртання ў аэрапорт агрэсіўнага пасажыра вывелі з самалёта, але пры правядзенні расследавання ён зноў пачаў супраціўляцца, таму пагранічнікі ўжылі сілу і надзелі на яго кайданкі. Яму выставілі абвінавачанне ў парушэнні бяспекі палёту, і яму пагражае да аднаго года пазбаўлення волі.