Што вядома пра норавірус, успышка якога адбылася ў Берасці
- 20.10.2024, 14:01
- 11,860
Інфікаваны чалавек заразны цягам месяца.
У Беларусі адбылася другая за 2024 год успышка норавіруснай інфекцыі ў школьным калектыве. У красавіку захварэлі менскія ліцэісты, у шпіталі апынуліся 7 чалавек, у кастрычніку - берасцкія ліцэісты, навучэнцы 9-11 класаў. 14 чалавек шпіталізаваныя, усе з сімптомамі вострай кішачнай інфекцыі і лабараторна пацверджаным норавірусам.
У берасцейскую лякарню падлеткі паступалі вечарам 17 кастрычніка і раніцай 18 кастрычніка. Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя на 19 кастрычніка, стан усіх шпіталізаваных пацыентаў быў сярэдняй цяжкасці, стабільны, са станоўчай дынамікай.
Норавірус вельмі заразны. Усяго 10-100 часціц віруса дастаткова для заражэння гэтай інфекцыяй, піша «Комсомолка».
Інфікаваны чалавек заразны як на піку захворвання, так і цягам месяца, калі сам ужо мог забыцца пра сімптомы. Адзін хворы на норавірус агулам заражае да 14 чалавек. Гэта супастаўна з заразлівасцю каранавіруса.
Як патлумачыла парталу 24health.by кандыдат медыцынскіх навук Наталля Рыбак, інкубацыйны перыяд залежыць ад дозы вірусных часціц, якія трапілі ў арганізм. Чым іх больш, тым раней і вастрэй пачынаецца хвароба.
Мінімальны тэрмін да першых сімптомаў - 12 гадзін, максімальны - 5-7 дзён. Агулам 1-3 дні.
Часцей за ўсё перадача віруса адбываецца ад хворага чалавека да здаровага праз прадметы побыту. Магчымы шлях перадачы - праз нямытыя рукі пасля ўжывання ежы, заражанай хворым падчас яе прыгатавання.
Кішачныя вірусы, да якіх належыць і норавірус, у прадуктах, вадзе, на паверхні прадметаў не размнажаюцца, але могуць доўга, да 3-4 тыдняў, заставацца актыўнымі. Звычайная вільготная ўборка не дапаможа іх забіць. Забіць норавірус могуць толькі дэзінфікуючыя сродкі з хлорам.
Сімптомы норавіруса
Сярод характэрных сімптомаў - млоснасць, ваніты, падвышаная тэмпература цела, панос, слабасць.
Наталля Рыбак адзначыла, што вірус пашкоджвае эндатэль кішэчніка. Гэта можа прывесці да далучэння бактэрыяльнай інфекцыі.
У групе рызыкі па норавіруснай інфекцыі - дзеці і падлеткі, якія знаходзяцца ў адным калектыве, а таксама паджылыя людзі.
Звычайна сімптомы ў дарослых захоўваюцца 1-3 дні. На трэці-чацвёрты дзень хваробы становіцца лягчэй. Ускладнены працяг норавіруснага гастраэнтэрыту з курчамі, абязводжваннем, сардэчнымі парушэннямі назіраецца ў паджылых людзей і пацыентаў з цяжкімі хранічнымі паталогіямі.
Лячэнне норавіруса, імунітэт
Спецыфічнага лячэння норавіруса ў дарослых не існуе. Часцей за ўсё арганізм самастойна спраўляецца з інфекцыяй, у складаных выпадках - стацыянар і дапамога лекараў. Галоўнае - прадухіліць абязводжванне.
Пасля хваробы арганізм выпрацоўвае імунітэт да віруса, але на вельмі кароткі тэрмін. Некаторыя медыкі называюць бяспечным перыяд пасля хваробы не больш за 2 месяцы, некаторыя - 6-12 месяцаў.