Сын Дыега Марадоны ўзначаліў гішпанскі футбольны клуб
2- 22.10.2024, 21:03
- 2,128
Каманда выступае ў пятым дывізіёне.
Дыега Сінагра, сын легендарнага аргенцінскага футбаліста Дыега Марадоны, стаў новым галоўным трэнерам гішпанскага клуба «Ібара». Пра гэта паведамляецца ў Facebook каманды, якая выступае ў пятым дывізіёне чэмпіянату краіны.
38-гадовы Сінагра змяніў на гэтай пасадзе Франсіса Дыяса. Тэрмін ягонага кантракта не ўдакладняецца. «Ібара» пасля сямі тураў займае 14-е месца ў сваім дывізіёне.
Сінагра сваю кар'еру правёў у малавядомых італьянскіх клубах, гуляў у пляжны футбол, у тым ліку за каманду Італіі. У якасці трэнера ён працаваў у італьянскіх клубах «Пампеі» і «Мантэкальча».
Дыега Марадона памёр 25 лістапада 2020 года на 61-м годзе жыцця. Прычынай стала вострая сардэчная недастатковасць, якая прывяла да ацёку лёгкіх. Разам з Пеле быў прызнаны ФІФА найлепшым футбалістам XX стагоддзя. Ён перамагаў на чэмпіянаце свету 1986 года ў складзе каманды Аргенціны, гуляў за «Бока Хуніёрс», «Барселону», «Напалі» і «Севілью», быў трэнерам каманды Аргенціны і іншых камандаў.