25 снежня 2024, Серада, 10:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанскі акцёр Ідрыс Эльба з'едзе жыць у Афрыку

5
Брытанскі акцёр Ідрыс Эльба з'едзе жыць у Афрыку
Ідрыс Эльба

Ён хоча развіваць афрыканскі Галівуд.

Брытанскі акцёр Ідрыс Эльба расказаў пра планы ў найбліжэйшыя гады пераехаць жыць у Афрыку, каб падтрымаць і дапамагчы развіць мясцовую кінаіндустрыю, піша ВВС.

Акцёр, вядомы з роляў у серыялах «Праслушка» і «Лютэр» і фільмах «Рок-н-рольшчык» і «Праз 28 тыдняў», хоча пабудаваць кінастудыі на востраве Занзібар у Танзаніі і ў сталіцы Ганы Акры і калі-небудзь зняць у ёй уласнае кіно.

«Думаю, я пераеду сюды ў найбліжэйшыя пяць-дзесяць гадоў, калі ўсё будзе добра. Я тут, каб падтрымаць кінаіндустрыю – гэта дзесяцігадовы працэс – я не змагу рабіць гэта з-за мяжы. Мне трэба быць у краіне, на кантыненце», – сказаў Эльба ў інтэрв'ю ВПС.

Эльба нарадзіўся ў Лондане, ягоная маці родам з Ганы, а бацька – з Сьера-Леонэ.

Паводле ягоных словаў, для яго важна дапамагчы афрыканцам расказваць іх уласныя гісторыі.

Акцёр не плануе асесці ў канкрэтным месцы: «Я пажыву ў Акры, у Фрытаўне, на Занзібары. Я паеду туды, дзе будуць гісторыі».

Эльба мяркуе, што афрыканцам жыццёва неабходна актыўна ўдзельнічаць ва ўсім працэсе стварэння фільмаў, гэта значыць не толькі даваць здымачныя пляцоўкі, акцёраў, рэжысёраў і аператараў, але і займацца фінансаваннем, пракатам, маркетынгам і паказам канчатковага прадукту.

Ён спадзяецца, што падобна да таго, як кінагледачы ўсяго свету ведаюць адрозненні паміж, напрыклад, Нью-Ёркам і Лос-Анджэлесам, нават ні разу не пабываўшы там, у нейкі момант яны будуць мець больш дэталёвае ўяўленне і пра Афрыканскі кантынент.

«Кінаіндустрыя – мяккая сіла не толькі ў Гане, але і ва ўсёй Афрыцы. Калі паглядзець любы фільм ці нешта, звязанае з Афрыкай, то ўбачыш толькі боль, траўму, пра тое, як мы былі рабамі, як нас каланізавалі, суцэльная вайна, а калі прыязджаеш у Афрыку, разумееш, што гэта няпраўда, – сказаў Эльба. у інтэрв'ю ВПС. – Таму вельмі важна, каб мы самі паказвалі гісторыі пра нашыя традыцыі, пра нашу культуру, пра нашыя мовы, пра адрозненні паміж адной мовай і іншай. Свет гэтага не ведае».

Эльба мае намер пабудаваць кінастудыі па ўсёй Афрыцы, пачаўшы з Занзібара, танзанійскага паўаўтаномнага вострава.

Ідэя ўзнікла летась, калі Эльба сустрэўся з прэзідэнткай Танзаніі Саміёй Сулуху Хасан на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе. Іх гутаркі прывялі да планаў стварэння першай студыі на Занзібары – гэты крок, на думку Эльбы, можа стаць першым будаўнічым блокам глабальнага цэнтра забаў.

У жніўні ўрад Занзібара паабяцаў яму амаль 200 акраў зямлі для пачатку будаўніцтва.

Хоць у Афрыцы пражывае 18% насельніцтва планеты, на яе прыпадае ўсяго 1% сусветнай крэатыўнай эканомікі – сектара, які, паводле прагнозаў Goldman Sachs, падвоіцца ў найбліжэйшыя пяць гадоў.

Згодна з нядаўнім дакладам ЮНЕСКА, кіна- і аўдыявізуальная індустрыя Афрыкі можа стварыць 20 мільёнаў працоўных месцаў і павялічыць ВУП кантынента на 20 млрд даляраў да 2030 года. Netflix і Disney ужо ўклалі значныя сродкі ў Кенію, Паўднёвую Афрыку і Нігерыю.

Тым не менш, паводле словаў Эльбы, улады многіх краінаў з эканомікай, якая развіваецца, яшчэ не ўсвядомілі эканамічны патэнцыял творчага сектару. Перашкаджае адсутнасць рэгулявання і інвестыцый, асабліва ў галіне аўтарскага права і фінансавання.

Ён бачыць патэнцыял, падобны да выбуховага росту індустрыі забаваў у Паўднёвай Карэі: з 2017 да 2021 года карэйскі экспарт, звязаны з поп-культурай, рос у сярэднім на 13,7% за год, што ў 2,5 разы хутчэй, чым агульны рост экспарту. Паводле ацэнак Інстытута эканамічных даследаванняў Карэі, гэта прынесла эканоміцы краіны 27 млрд даляраў.

Але Эльба разумее, што аднаго будаўніцтва студый недастаткова, каб выклікаць рэвалюцыю ў сферы забаваў.

«Усё гэта няпроста, – сказаў ён, маючы на ўвазе цяжкасці, звязаныя са структураваннем новай індустрыі. – Адно з пытанняў – як плаціць стваральнікам кіно ды іншага крэатыўнага кантэнту ў краінах з абмежаванай банкаўскай інфраструктурай».

У рамках сумежнага праекту, закліканага развязаць праблему плацяжоў, Эльба ў партнёрстве з платформай Stellar прапанаваў Akuna Wallet, лічбавы гаманец, распрацаваны для творчай эканомікі.

Akuna Wallet дазваляе мастакам, кінематаграфістам і музыкам кіраваць плацяжамі і ганарарамі, не спадзеючыся на традыцыйныя банкі. Дазваляючы ажыццяўляць прамыя транзакцыі ў лічбавых валютах, ён стварае бяспечную сістэму плацяжоў у рэгіёнах з абмежаванай фінансавай інфраструктурай.

Паколькі амаль 60% насельніцтва Ганы маладзейшы за 25 гадоў, многія маладыя афрыканцы па-ранейшаму не маюць банкаўскіх рахункаў.

«Папулярныя платформы для манетызацыі творчай дзейнасці часта патрабуюць наяўнасці банкаўскіх рахункаў, што выключае ўдзел шматлікіх маладых афрыканцаў, – мяркуе Эльба. – Нам патрэбная фінансавая мадэль, якая дазволіць ствараць якасныя творы».

Але калі мясцовыя ўлады ўбачаць здаровую эканоміку забаваў, яны дазволяць ёй развівацца, спадзяецца ён.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках