У ЕЗ гібрыды перасягнулі ў продажах аўто на бензіне
2- 24.10.2024, 18:33
- 3,920
Упершыню ў гісторыі.
Еўрапейская асацыяцыя вытворцаў аўтамабіляў (ACEA) паведаміла, што за 9 месяцаў гэтага года продажы гібрыдаў упершыню былі вышэйшымі за продажы аўтамабіляў з бензінавымі рухавікамі.
Агульныя продажы аўтамабіляў у блоку ўпалі на 6,1% у гадавым вылічэнні. Падзенне фіксуюць два месяцы запар - упершыню з ліпеня 2022 года. Найперш негатыўныя тэндэнцыі назіраюцца ў такіх краінах як Нямеччына, Францыя і Італія.
Паводле інфармацыі ACEA, усяго за 9 месяцаў года было зарэгістравана амаль 8 мільёнаў аўто, што на 0,6% больш, чым летась. Найбольшы прырост у параўнанні з мінулым годам паказалі Гішпанія (4,7%) і Італія (2,1%).
У верасні 2024 года продажы бензінавых аўтамабіляў упалі на 17,9%, прычым на ўсіх чатырох ключавых рынках было зафіксавана двухзначнае падзенне: Францыя -31,9%, Італія -23,3%, Нямеччына -15,2%, Гішпанія -10, 7%. У мінулым месяцы на бензінавыя аўто прыпадала 29,8% рынку, што значна менш, чым у верасні 2023 года (34%).
Пры гэтым доля гібрыдных аўто ўпершыню была вышэйшай за долю аўто на бензіне. Колькасць рэгістрацый класічных гібрыдаў (HEV) у верасні вырасла на 12,5% і зараз складае 32,8% рынка. Яшчэ ў верасні 2023 года на гібрыды прыпадала 27,4%.
Доля электракараў (BEV) вырасла ў гадавым вылічэнні (цяпер 17,3%, летась было 14,8%), але аб'ёмы продажаў з пачатку года ўпалі на 5,8%. Агульная доля рынку за 9 месяцаў зменшылася з 14 да 13,1%.