У Беларусі склалася крытычная сітуацыя ў сельскай гаспадарцы
36- 26.10.2024, 5:36
- 19,030
Падрабязнасці.
Гэтай восенню ў Беларусі склалася крытычная сітуацыя з сяўбой азімых і ўборкай кукурузы. У сельгасарганізацыях ёсць сур'ёзныя праблемы з тэхнікай, угнаеннямі, кадрамі і нават насеннем. Такую адзнаку ў лісце «савету міністраў» у сярэдзіне кастрычніка даў Дзяржкантроль. Дакумент трапіў у распараджэнне «Люстэрка».
Камітэт дзяржкантролю 18 верасня накіраваў у «савет міністраў» дакумент «Аб праблемах з ходам палявых працаў» за подпісам намесніка старшыні Станіслава Наркевіча. Кантрольная ўстанова занепакоеная тым, што Мінсельгасхарч, абласныя і раённыя выканкамы не спраўляюцца з уборкай кукурузы і саломы, а таксама пасевам азімых. КДК мяркуе, што існуе рызыка зрыву тэрмінаў заканчэння працаў.
– Найбольш крытычная сітуацыя складваецца з сяўбой азімых збожжавых культураў, якая вядзецца горш за мінулы год, – падкрэсліваецца ў лісце.
Намеснік старшыні КДК спасылаецца на інфармацыю Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, паводле якой на стан 18 верасня беларускія аграрыі пасеялі толькі 36,9% ад плану азімых.
– У выніку частка плошчаў будзе засеяная пасля агратэхнічных тэрмінаў, што можа прывесці не толькі да недабору ўраджаю, але часцяком і да яго гібелі, – мяркуе Наркевіч.
У лісце пералічаныя прычыны, якія прывялі да ўзнікнення крытычнай сітуацыі ў сельскай гаспадарцы. Сярод іх – адсутнасць у некаторых гаспадарках тэхнікі для ўборкі і пасеву, нястача кадраў, а часам і насення.
Таксама кантралёры падчас праверкі выявілі, што ў шэрагу гаспадарак пасяўная прайшла без унясення мінеральных угнаенняў або з парушэннем іх разліковых дозаў, палі не ўсюды былі падрыхтаваныя належным чынам, а тэхніка – не адрэгуляваная. Гэта, сцвярджае КДК, паўплывае на зніжэнне будучага ўраджаю азімых.
Не меншую асцярогу Камітэта дзяржкантролю выклікае сітуацыя з тэрмінамі ўборкі кукурузы. На стан 18 верасня гаспадаркі справіліся толькі з 43,5 адсотка плошчаў. Паводле разлікаў кантралёраў, на заканчэнне працаў патрабаваўся месяц і нават больш. У выніку кантралёры чакаюць істотнае пагаршэнне якасці кармоў, якія робяць з гэтай культуры.
– Нізкія тэмпы ўборкі абумоўліваюцца тым, што ў многіх сельгасарганізацыях частка кормаўборачных камбайнаў няспраўныя, а ў некаторых гаспадарках уборка стрымліваецца адсутнасцю паліва. Акрамя таго, пры нарыхтоўцы сіласу з кукурузы ў шэрагу гаспадарак парушаецца тэхналогія, – канстатаваў намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю.
На заканчэнне ліста Станіслаў Наркевіч запатрабаваў ад ураду, Мінсельгасхарчу і выканкамаў ужыць тэрміновыя захады для развязання агучаных праблемаў і праінфармаваць пра гэта Камітэт дзяржкантролю.