Саліст «Пятлі заўзятасці» адказаў расейцам
15- 26.10.2024, 20:12
- 16,334
Рок-гурт выпусціў альбом на беларускай мове.
«Я не збіраюся апраўдвацца перад жыхарамі іншай краіны за тую мову, якую выкарыстоўваю, будучы грамадзянінам Рэспублікі Беларусь», — так саліст гурта «Пятлі заўзятасці» Ілья Чарапко-Самахвалаў адказаў на хвалю хэйту на адрас гурта пасля выхаду новага альбома «Суперпазіцыя».
Прэм'ера цалкам беларускамоўнага альбома, якая адбылася ўчора на музычных онлайн-платформах, нечакана выклікала хвалю абурэння ў часткі расейскай публікі. У сацсетцы Укантакце на адрас калектыву пасыпаліся абразы і папрокі.
«Калі мы ствараем нешта, то робім гэта, зыходзячы з нашага ўнутранага жадання, — адказаў музыка на пытанне аб тым, ці ўлічвае гурт магчымыя рызыкі страты часткі аўдыторыі.
Для нас гэта не кан'юнктура, а ўнутранае імкненне як творчых асоб. Калі мы захочам зрабіць альбом на расейскай мове, мы яго зробім. Цяпер мы палічылі важным стварыць альбом на беларускай мове. Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а не Расейскай Федэрацыі, паўтаруся. Вось і адказ на ўсе пытанні».
Ілья спадзяецца, што большасць расейскіх слухачоў гурта «Пятлі заўзятасці» ўсё ж прытрымліваюцца іншай пазіцыі, чым хейтэры з Укантакце.
«А тыя, хто ад нас адпісаліся – мы гэтаму рады. Мы не хочам, каб нас слухалі шавіністы», - кажа музыка.