Латвія абвясціла ў вышук пракрамлёўскага актывіста, які ўцёк у Беларусь
4- 29.10.2024, 9:58
- 3,558
Ён хоча атрымаць у нашай краіне «палітычны прытулак».
Нядаўна прарасейскі прапагандыст Юры Аляксееў уцёк з Латвіі ў Беларусь. Курземскі раённы суд у Вентспілсе абвясціў яго ў вышук, паведаміла выданне LSM.
Грамадзяніна Латвіі Юрыя Аляксеева абвясцілі ў вышук пасля таго, як ён не з'явіўся на судовае пасяджэнне. Сам пракрамлёўскі актывіст напісаў у Facebook, што знаходзіцца ў Беларусі і мае намер прасіць там палітычнага прытулку.
Раней ён прысутнічаў на ўсіх судовых пасяджэннях, але на слуханне 28 кастрычніка не з'явіўся. Суддзя Курземскага раённага суда Гуна Тройка заявіла, што суд прызнаў непрыход падсуднага неапраўданым і вынес пастанову аб ужыванні меры працэсуальнага прымусу. Разгляд справы быў адкладзены да 4 лістапада гэтага года, калі суд, атрымаўшы інфармацыю, прыме пастанову аб далейшым ходзе справы.
У сваёй публікацыі на Facebook Аляксееў паведаміў, што ў суботу, 26 кастрычніка, пакінуў Латвію і накіраваўся ў Беларусь, дзе плануе прасіць палітычнага прытулку.
Як адзначае выданне, Аляксееў і неграмадзяне Латвіі Дзмітрый Сустрэтаў і Пётр Пагародні абвінавачваюцца па справе аб дзейнасці сайта imhoclub.lv, які прасоўваў пракрамлёўскія наратывы. Улады Латвіі заяўлялі, што медыя фінансуецца з Расіі.
Адзін з траіх таксама абвінавачваецца ў публічным услаўленні і апраўданні здзейсненага СССР злачынства супраць чалавечнасці - дэпартацыі.
Пардаўгаўскі суд Рыгі раней прыгаварыў Аляксеева да двух гадоў пазбаўлення волі і аднаго года выпрабавальнага тэрміну па іншай справе - за распальванне нянавісці, незаконнае захоўванне боепрыпасаў да агнястрэльнай зброі і распаўсюджванне дзіцячай парнаграфіі. Пасля апеляцыі Рыжскі краёвы суд скараціў тэрмін зняволення Аляксеева да аднаго года і аднаго месяца. Прысуд быў абскарджаны ў Вярхоўным судзе.
Аляксееў называў сябе «на чвэрць беларусам», кампліментарна адклікаўся пра Аляксандра Лукашэнку.