З Беларусі ў Літву прыплыло кола з цыгарэтамі
3- 29.10.2024, 14:27
- 2,192
У апоне выявілі 900 пачкаў цыгарэт «Фэст» і GPS-перадатчык.
Літоўскія пагранічнікі перахапілі чарговую партыю кантрабандных цыгарэт з Беларусі. На гэты раз кантрабандысты спакавалі яе ў аўтамабільную шыну і адправілі імправізаваны плыт у вольнае плаванне па Нёмане.
Як паведамілі ў Службе аховы дзяржмяжы, памежнікі заўважылі плыт з дапамогай сістэмы відэаназірання. На катэры яны падплылі да «кола» і выцягнулі яго з вады.
У шыне выявілі 900 пачкаў цыгарэт «Фэст» і GPS-перадатчык. Кошт кантрабанды ацанілі на 4041 еўра. Цыгарэты пакуль захоўваюцца на памежным пункце.
У літоўскай пагранслужбе таксама адзначылі, што мяжа паміж Літвой і Беларуссю праходзіць па Нёмане на адлегласці 17 км. На гэтым адрэзку, паводле інфармацыі VSAT, кантрабандысты «свабодна адчуваюць сябе на берагах Беларусі і часта дзейнічаюць бесперашкодна з боку мясцовых пагранічнікаў».