Беларуска набыла жыллё, а праз 10 гадоў падатковая спытала, адкуль грошы
36- 29.10.2024, 17:28
- 20,664
Распіскі родных не дапамаглі.
Пасля камеральнай праверкі падатковая выставіла беларусцы да выплаты падатак памерам амаль 1,8 тыс. рублёў. Гаворка пра аддаленую зверку прыбыткаў і выдаткаў – паводле той інфармацыі, што ёсць у правяральнікаў. Жанчына з такой пастановай не пагадзілася і пайшла ў суд. Аднак доўгія судовыя разборкі, у тым ліку абскарджанні, не дапамаглі. Гэта вынікае з звестак банка судовых пастановаў, піша «Люстэрка».
У студзені 2020 года Ганна (імя змененае) атрымала ліст з падатковай – яе прасілі даць справаздачу пра прыбыткі і маёмасць за апошнія 10 гадоў. Якраз у 2010-м яна набыла ў Менску кватэру коштам 28303 дэнамінаваныя рублі. Паводле сярэдняга курсу Нацбанка на той год гэта было блізу 95 тысячаў даляраў.
Паводле ейных словаў, на набыццё жылля скідаліся сваякі. Ёй дапамагалі бацька, бабка і прабабка, а таксама дзед. Больш за ўсё дапамаглі менавіта бабуля і дзядуля: яны перадалі ўнучцы 90 тысячаў даляраў – у Ганны была нават падпісаная імі распіска з інфармацыяй пра гэта.
Падаткавікі ўважліва вывучылі гэтыя звесткі, зверылі інфармацыю пра ўсіх сваякоў, якіх жанчына паказала як памочнікаў у набыцці жылля. У выніку яны пастанавілі, што ў жанчыны за 2010 год выдаткі перавышалі афіцыйныя прыбыткі на 11 010 рублёў (у пераводзе на дэнамінаваныя рублі). Ёй выставілі да аплаты падатак на 1791,70 рублі. Ганна з гэтым не пагадзілася і пайшла ў суд. Там беларуска папрасіла прызнаць пастанову падатковай незаконнай.
Жанчына настойвала, што ў падатковай не ўзялі да ўвагі, што яе родныя збіралі грошы да пенсіі гатоўкай, значыць, не ўсе грошы былі ўзятыя да ўвагі дзяржорганам. Да таго ж разлікі ў прыбытках яе родных праводзіліся не зыходзячы з памеру пенсій яе сваякоў, а з сярэдніх звестак у раёне і вобласці. А таксама не ўзялі да ўвагі распіску, якую пісалі яе дзед і бабка, пра перадачу ёй буйной сумы.
Але ў судзе ёй адмовілі – пастанавілі, што ўсё гэта ніяк не аспрэчвае перавышэння ў яе выдаткаў над прыбыткамі. Не дапамаглі і абскарджанні – давялося плаціць.