Сенсацыямі з удзелам «Рэала» і «Баварыі» скончыўся тур Лігі чэмпіёнаў
2- 3.10.2024, 17:46
- 5,124
Мадрыдскі і мюнхенскі клубы пацярпелі першыя паразы ў сезоне.
«Ліль» дома сенсацыйна падолеў мадрыдскі «Рэал» з лікам 1:0 у хатнім матчы другога тура асноўнага раунда Лігі чэмпіёнаў.
Мяч з пенальці забіў Джонатан Дэвід (45+3-я хвіліна).
«Рэал» пацярпеў першую паразу ў сезоне з улікам усіх турніраў і перапыніў 14-матчавую бяспройгрышную серыю ў Лізе чэмпіёнаў. Мадрыдскі клуб з'яўляўся фаварытам у гэтым матчы. На перамогу мадрыдцаў букмекеры давалі каэфіцыент 1,75, «Ліля» - блізу 4,5.
У іншай сустрэчы ангельская «Астан Віла» дома падолела нямецкую «Баварыю» з лікам 1:0.
«Баварыя» таксама з'яўлялася відавочным фаварытам матча і зведала першую паразу ў сезоне. На перамогу мюнхенскай каманды букмекеры давалі каэфіцыент 1,7, «Астан Віла» — блізу 5.
Лісабонская «Бенфіка» распляжыла дома мадрыдскі «Атлетыка» з лікам 4:0. Пры гэтым гішпанскі клуб з'яўляўся фаварытам. Перамога «Атлетыка» ацэньвалася на 2,5, «Бенфікі» - на 3,0.
Заграбскае «Дынама» ўпусціла перамогу над «Манака» — 2:2, прапусціўшы мяч на 90-й хвіліне. На перамогу заграбскага клуба букмекеры давалі каэфіцыент звыш 4,5, «Манака» - блізу 1,7.
«Ювентус» у меншасці атрымаў гасцявую валявую перамогу над «Лейпцыгам» з лікам 3:2. Турынскі клуб з 59-й хвіліны гуляў у меншасці, тады лік быў 2:1 на карысць «Лейпцыга».
Вынікі іншых матчаў
«Ліверпуль» (Англія) - «Балоння» (Італія) - 2:1,
«Шахцёр» (Украіна) - «Аталанта» (Італія) - 0:3,
«Жырона» (Гішпанія) - Феенорд (Нідэрланды) - 2:3.
«Жырона» паўтарыла антырэкорд Лігі чэмпіёнаў па аўтагалах за сезон - тры. Столькі ж было ў стамбульскага «Фенербахчэ» ў сезоне 2007-2008.