Аляксей Протас правёў адзін з найлепшых матчаў у кар'еры ў НХЛ
1- 30.10.2024, 10:02
- 1,698
Беларус зрабіў важкі ўнёсак у перамогу сваёй каманды над «Нью-Ёрк Рэйнджэрс».
Нападнік «Вашынгтон Кэпіталз» Аляксей Протас зрабіў важкі ўнёсак у перамогу сваёй каманды ў паядынку Нацыянальнай хакейнай лігі супраць «Нью-Ёрк Рэйнджэрс» – 5:3, паведамляе сайт НХЛ.
.
Беларус адзначыўся голам і дзвюма дзейснымі перадачамі. Протас трэці раз за час выступаў у НХЛ набраў тры балы ў адным матчы.
На рахунку Аляксея пераможная шайба. Ён замкнуў прастрэл партнёра ў другім перыядзе. А да гэтага нападнік двойчы дапамог забіць Аляксандру Авечкіну, які прадаўжае пагоню за Уэйнам Грэцкі ў колькасці галоў у рэгулярных чэмпіянатах (у расейца іх стала 857 – да Грэцкі 37 шайбаў).
Протас правёў на лёдзе 15 хвілінаў 30 секундаў, тройчы кінуў па браме і зарабіў паказнік карыснасці +3. Беларус быў прызнаны другой зоркай матчу.
«Правялі выдатную гульню, і я думаю, што мы заслужылі гэтую перамогу», – сказаў ён пасля гульні.
«Вашынгтон» узяў невялікі рэванш за паразу ад «Рэйнджэрс» у першым раўндзе мінулай разгулянкі плэй-оф. Тады ў серыі 1/8 фіналу «сталічнікі» саступілі ва ўсіх чатырох матчах.
Аляксей вынікова пачаў сёлетні сезон. Цяпер ён пяты ў спісе бамбардзіраў сваёй каманды, набраўшы ў васьмі матчах 7 (2+5) балаў. «Кэпіталз» атрымалі шэсць перамог у гэтых васьмі гульнях на старце сезону і пакуль займаюць чацвёртае месца ў сваёй канферэнцыі.