8 лiстапада 2024, Пятніца, 0:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У адной з расейскіх «дочак» набліжанага да Лукашэнкі бізнэсоўца ўзніклі цяжкасці

2
У адной з расейскіх «дочак» набліжанага да Лукашэнкі бізнэсоўца ўзніклі цяжкасці

Што пра гэта вядома.

У расейскай «дачкі» машынабудаўнічага холдынгу «Амкадор» экс-сенатара Аляксандра Шакуціна, з усяго відаць, зноў узніклі фінансавыя цяжкасці. Размова ідзе пра вытворцу лесанарыхтоўчай тэхнікі «Амкадор-Анега». Так, Федэральная падатковая служба Расеі (ФНС) у кастрычніку заблакавала аперацыі з рахункамі гэтай фірмы. Прычына – запазычанасць у падатках. Раней ужо паведамлялася пра фінансавыя цяжкасці ў «Амкадор-Анега», паведамляе «Люстэрка».

Што вядома пра расейскую «дачку» «Амкадора»

Завод «Амкадор-Анега» знаходзіцца ў Петразаводску. Гэта найстарэйшае і адно з валаўтваральных прадпрыемстваў у Карэліі. Яно называлася Анежскі трактарны завод, але да 2018-га збанкрутавала. У тым самым годзе завод набыў беларускі холдынг «Амкадор» бізнэсоўца Аляксандра Шакуціна.

Прадпрыемства вырабляе машыны і абсталяванне для сельскай і лясной гаспадаркі. Ягоныя заснавальнікі – кампаніі «Амкадор-Бел» з Татарстана (яе асноўны заснавальнік – Аляксандр Шакуцін, яму належыць 95% акцый) і «Амкадор-Лесмаш» з Беларусі. У гэтых фірмаў 50% у статутным капітале «Амкадор-Анега». Паводле звестак расейскіх рэестраў, летась аб'ём вытворчасці на гэтым заводзе вырас на 65,1% і склаў 1,3 млрд расейскіх рублёў (больш за 15 млн даляраў). Прадпрыемства, на якім занята крыху больш за 100 працоўных, атрымала першы з моманту запуску прыбытак аб'ёмам блізу 200 тыс. даляраў.

«Амкадор-Анега» стала адным з прыярытэтных інвестыцыйных праектаў «Амкадора» ў Расеі. Напрыклад, да пачатку 2022 года ягоным генеральным дырэктарам быў Аляксандр Шакуцін-малодшы – сын асноўнага акцыянера холдынгу «Амкадор» Аляксандра Шакуціна.

Чаму рахункі кампаніі ў РФ патрапілі пад блакаванне банкаў?

Як паведамлялі ў кастрычніку расейскія СМІ, чатыры банкі апавясцілі падатковую, што прыпынілі плацяжы на рахункі «Амкадор-Анега». Гаворка пра «Банк ЗГБ», «Газпрамбанк», «Ашчадбанк» і «Банк развіцця і мадэрнізацыі прамысловасці». Блакаванне рахункаў адбылося праз запазычанасці прадпрыемства. Памер складае 30,8 млн расейскіх рублёў (блізу 318 тыс. даляраў паводле курсу Нацбанка Беларусі на 30 кастрычніка). Не выключана, што на сёння рахункі ўжо разблакавалі. Аднак гэта не першы падобны выпадак сёлета, у траўні ў «Амкадор-Анега» ўжо ўзнікала такая сітуацыя.

Як іншы беларускі бізнэсовец ужо спрабаваў «падняць» гэты завод

Аляксандр Шакуцін – не першы беларускі інвестар, які спрабуе рэанімаваць Анежскі трактарны завод. Раней падобная спроба была зробленая ў 2002 годзе беларускай кампаніяй «Інаўтамаркет», асноўным уладальнікам якой быў бізнэсмэн, былы старшыня Беларускай федэрацыі шахматаў Канстанцін Іваноў. Ён зарабіў першапачатковы капітал на гандлі тэхнікай МАЗ, які потым уклаў у аўтаперавозкі, продаж трактароў і Анежскі трактарны завод. Ён вывеў яго з працэдуры банкруцтва і ў 2004 годзе прадаў гэты актыў расейскаму канцэрну «Трактарныя заводы». Але свой бізнэс Іваноў выратаваць не змог. У канцы 2000-х кампанія «Інаўтамаркет» была прызнаная банкрутам і ліквідаваная.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках