24 снежня 2024, aўторак, 21:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Максім Плешка: Сотні тысяч беларусаў абмяркоўваюць гэты сцэнар

17
Максім Плешка: Сотні тысяч беларусаў абмяркоўваюць гэты сцэнар
МАКСІМ ПЛЕШКА

Ці зойдуць УСУ ў Беларусь?

Падчас адной з панэляў Форума дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, кіраўнік міжфракцыйнага дэпутацкага аб'яднання "За дэкаланізацыю Расеі" Алег Дунда, выказаў меркаванне, што толькі на тэрыторыі Украіны ў вайне з Расеяй не перамагчы. Таксама ўкраінскі дэпутат заявіў, што УСУ павінны зайсці на тэрыторыю Беларусі.

Што стаіць за гэтай заявай? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з кандыдатам філасофскіх навук, кіраўніком украінскага Цэнтра беларускіх камунікацый Максімам Плешкам:

— Заява Алега Дунды — сапраўдная «атамная бомба» ў расейскай і беларускай медыяпрасторы. З расейскім усё зразумела – там не хочуць страчваць сваю калонію, гібрыдна акупаваную праз Лукашэнку. А чаму такі эфэкт быў у беларускім інфармацыйным полі? Бо ёсць попыт на гэтую ідэю. Алег Дунда выказаў тое, пра што гавораць сотні тысяч беларусаў. Ён сказаў тое, аб чым мараць беларускія добраахвотнікі.

Два з паловай гады яны чакалі гэтай заявы. Таму была такая моцная рэакцыя.

Давайце абагульнім. Першае, нельга сказаць, што гэтая заява з боку ўпаўнаважанага ўкраінскага чыноўніка. Алег Дунда - дэпутат, палітык, ён можа дазволіць сабе пэўнае вальнадумства. Аднак дэпутат кіроўнай партыі "Слуга народа".

Таму першая выснова - на гэтую ідэю ёсць попыт. Яна жыве ў розумах тысяч людзей, яе абгаворваюць на кухнях.

Таксама ён кажа, што Украіне не патрэбная “акупацыйная аперацыя”. У ёй павінны прымаць удзел беларускія добраахвотнікі і апазіцыя. Гэта абсалютна ўваходзіць ва ўкраінскую стратэгію і бачанне сітуацыі ў Беларусі. Я ўвесь час кажу пра тое, што стратэгічная цікавасць Украіны - свабодная беларуская нацыя, якая знаходзіцца ў супольніцкіх стасунках з украінцамі.

Другая выснова - гэта будзе дапамога беларускаму народу ў вызваленні краіны. Падкрэслю, мы гаворым пра тэарэтычныя сцэнары. Ці магчымы ён сёння? Наўрад ці. Пры правільнай стратэгічнай падрыхтоўцы - цалкам магчымы. Калі казаць пра ўкраінскую экспэртную супольнасць, то гэта адзін са сцэнарыяў, які абмяркоўваецца. Ёсць варыянт, што Лукашэнка неяк добраахвотна пойдзе на саступкі, другі варыянт - сілавы. Гэтыя мадэлі абгаворваюць.

Ці абароніць Пуцін Лукашэнку ў гэтай сітуацыі? Пуцін сябе не можа абараніць, аперацыя УСУ ў Курскай вобласці гэта паказвае. Лукашэнка гэта разумее і нярвуецца.

Што да Украіны, яна зацікаўленая ў стабільнасці на паўночнай мяжы. Аднак ёсць і сілы, і сродкі для таго, каб рэагаваць на тыя ці іншыя выклікі і правакацыі.

— Вядомы амерыканскі гісторык Юры Фяльшцінскі мяркуе, што вызваленне Беларусі — адна з умоў паразы Расеі. Падобнага меркавання прытрымлівае ўкраінскі дыпламат Раман Бяссмертны, які называе Крым і Беларусь - болевымі мясцінамі рэжыму Пуціна. Як вы думаеце, якой будзе чарговасць: ці параза Расеі прывядзе да вызвалення Беларусі, ці змена рэжыму ў Менску запусціць працэс змен у РФ?

- Цалкам згодны з ідэяй Юрыя Фяльшцінскага. Наш экспэртны цэнтр увесь час нагадвае ўкраінскім палітыкам аб надзвычайнай геапалітычнай значнасці Беларусі для бяспекі Украіны і ўсёй Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Беларусь - балкон, праз які Пуцін атакаваў Кіеў. У нас з вамі - 1084 кіламетры мяжы. Амаль уся нашая поўнач — гэта мяжа з Беларуссю. Таму для нас стратэгічна важна мець там прадказальнага суседа. Для краін Балтыі і Польшчы - таксама.

Што да паслядоўнасці змен — мы звыклі казаць пра тое, што «рэжым Пуціна аслабне, пасыплецца, тады з'явіцца акно магчымасцяў для беларусаў». Для мяне гэта новы цікавы падыход, што Беларусь і Крым - болевыя мясціны для Крамля.

Гэта сапраўды цікавы сцэнар, які можна ўзяць за аснову.

- Ці можа пытанне змен у Беларусі стаць прадметам размовы падчас нейкіх мірных перамоў?

- У мяне няма доступу да планаў міру і перамоў з NАТО, але як экспэрту і чалавеку, які цікавіцца геапалітыкай, відавочна, што Беларусь мае ключавое значэнне з пункту гледжання бяспекі. Таму Беларусь адназначна будзе абмяркоўвацца ў выпадку мірных перамоў.

Аднак сітуацыя вельмі дынамічная. Таму важна, каб беларусы былі гатовыя да перамен. І Украіна, і Захад чакаюць, што беларусы будуць суб'ектам у гэтых падзеях. Таму і з боку беларускай апазіцыі ідзе сёння пасыл вайскоўцам і чыноўнікам, што калі яны не заплямленыя крывёй, яны могуць яшчэ застацца на сваіх пасадах. Ідзе камунікацыя з прадстаўнікамі наменклатуры.

У нас ёсць дакладнае разуменне, што ні вайскоўцы, ні простыя беларусы не пойдуць паміраць за Лукашэнку. У дыктатары зацікаўлена толькі самае блізкае асяроддзе, якое запэцканае крывёй.

Украінцы і беларусы - самыя блізкія народы. Абодва нашых народы зацікаўленыя ў тым, каб мы існавалі далей. Бо беларуская нацыя - чыннік бяспекі для нас. А калі Украіна выстаіць і пераможа - гэта дапаможа пераменам у Беларусі. Такая самая сітуацыя і з літоўцамі, і з палякамі. Таму, дарагія сябры, набірайцеся "беларускасці" і рыхтуйцеся. У “гадзіну Х” будзе патрэбны ваш выхад на сцэну гісторыі.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках