Менскае «Дынама» не будзе дапамагаць сваім заўзятарам на матчах у Фінляндыі і Польшчы
6- 8.10.2024, 18:31
- 4,658
Футбольны клуб выпусціў заяву.
Менскае «Дынама», якое выступае ў Лізе канферэнцый, адмовілася ад дапамогі заўзятарам на двух найбліжэйшых выязных матчах, паведамляе афіцыйны сайт клуба.
«ФК «Дынама-Мінск» паведамляе аб тым, што не арганізуе гасцявыя сектары на гэтых матчах, а таксама не надае садзейнічання ў набыцці квіткоў на гэтыя гульні», — сказана ў кароткай заяве.
24 кастрычніка «Дынама» сустрэнецца ў Хельсінкі з мясцовым клубам ХІК, а 7 лістапада адправіцца ў Варшаву на паядынак з «Легіяй».
Нагадаем, упершыню за дзевяць гадоў «Дынама» ўдзельнічае ў асноўным этапе еўракубкаў - беларуская каманда дабралася да восеньскай стадыі Лігі канферэнцый. Гэта трэці па рангу еўракубкавы турнір пасля Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы.
У першай гульні асноўнага раунда Лігі канферэнцый менчукі ўступілі шатландскаму «Хартсу» (1:2), прапусціўшы вызначальны гол на апошніх секундах сустрэчы. «Дынама» прымала спаборніка ў Азербайджане - праз санкцыі афіцыйныя матчы забаронена праводзіць у Беларусі. Гульня прайшла без гледачоў.