«Дом трэсла так, што аж страшна стала»
10- 1.11.2024, 11:02
- 9,720
Што за выбух адбыўся ў Менску?
У Менску і Менскім раёне днём 31 кастрычніка чулі гук «магутнага выбуху».
Паведамленні аб "выбуху" прыйшлі з розных раёнаў сталіцы. У чатах беларусы пішуць, што чулі гучны гук у Каменнай Горцы, у раёне Усходу, на Камароўцы, Пушкінскай і іншых раёнах.
Вось што пісалі карыстальнікі ў сеціве:
«Што гэта ўзарвалася? Дом ледзь не абрынуўся».
«Паўсюль чуваць было. І ў Сухараве, і ў Бараўлянах».
«Дом трэсла так, што аж страшна стала».
«У Малінаўцы бабахнула моцна, перапужаліся».
Можна меркаваць, што грукат у небе - гэта вынік пралёту над горадам ваеннага самалёта на звышгукавой хуткасці. Пасля пераходу ад дагукавога палёту да звышгукавога ўзнікае ўдарная хваля, конус якой распаўсюджваецца на кіламетры следам за самалётам. Калі хваля дасягае зямлі, можна пачуць выбух і адчуць удар. Гэта не адзінкавая падзея: ударная хваля ідзе за самалётам увесь час, пакуль ён ляціць на звышгуку, і адчуваецца ў кожным пункце, праз які ён праходзіць.
Такой жа версіі прытрымліваюцца і некаторыя карыстальнікі сеткі:
«Такое было ў MOLO некалі. Вучэнні былі, і самалёт звышгук пераадолеў. Вокны патрэскаліся, усё трэслася таксама».
Журналістка «Зеркало» патэлефанавала ў РУУС Кастрычніцкага раёна як звычайная беларуска з пытаннем, што здарылася. На пытанне, чаму быў такі гук, дзяжурны адказаў:
- Не выключаецца, што самалёт вельмі нізка ляцеў. Турбіна тады ўключаецца. Але дакладна пакуль не зразумела. Хутчэй за ўсё, што проста быў самалёт, нічога страшнага.
У МНС «Менскай праўдзе» распавялі, што ніякіх паведамленняў пра тое, што нехта пацярпеў ці быў разбураны нейкі будынак, не было.
Пазней праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што "выбух", які чулі менчукі а 14.11, быў гукам пераадолення самалётам гукавога бар'ера.
Пазней інцыдэнт пракаментавалі ў Мінабароны.
«Сёння ў рамках праверкі дзяжурных сіл СПА, якая праходзіць пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Паўла Муравейкі, быў узняты экіпаж знішчальніка Су-30 СМ. Дзейнічаючы па зададзенай у рамках праверкі кантрольнай мэты, самалёт павялічыў хуткасць у наборы вышыні, каб перахапіць навучальную кантрольную мэту. У такіх выпадках паветранае судна пераходзіць на звышгук. Пры гэтым можа ўзнікаць адчувальны гукавы эфект», - паведамілі ў ведамстве.