Другі за тры дні самалёт расейскай авіякампаніі зламаўся ў паветры
- 1.11.2024, 15:50
- 3,856
Борт аварыйна прызямлілі ў Шарамеццева.
Самалёт авіякампаніі "Расія", які выконваў рэйс з Санкт-Пецярбурга ў Алмату, здзейсніў вымушаную пасадку ў маскоўскім аэрапорце Шарамеццева з-за падазрэння на працёк паліва, паведамілі ТАСС у прэс-службе авіяперавозчыка.
“Самалёт быў адхілены ад далейшага палёту, яго аглядаюць работнікі тэхнічных службаў. Авіякампанія прыняла аператыўную пастанову аб выкананні рэйса на рэзервовым паветраным судне”, - адзначылі ў кампаніі.
Паводле звестак аэрапорта Пулкава, рэйс вылецеў з горада а 02:20 паводле мясцовага часу. Ён выконваўся "Расіяй" супольна з "Аэрафлотам" на самалёце Airbus 319. Як вынікае са звестак Flightrafar24, лайнер развярнуўся над Арзамасам Ніжагародскай вобласці і павярнуў на захад у бок Масквы. У авіякампаніі падкрэслілі, што пасажырам на час чакання былі дадзеныя напоі і харчаванне ў тэрмінале. Рэзервовы самалёт вылецеў з Масквы ў Алматы а 09:54 і прызямліўся ў аэрапорце прызначэння а 14:09 паводле маскоўскага часу.
Гэта ўжо другі выпадак экстранай пасадкі пасажырскага самалёта ў Расеі за тры дні. 30 кастрычніка лайнер "Аэрафлота" Airbus A321, які рухаўся з Масквы ў Анталлю, вымушана вярнуўся ў міжнародны аэрапорт Шарамеццева пасля спрацоўвання датчыка няспраўнасці. Пасля прызямлення самалёт самастойна накіраваўся на стаянку.
У пачатку верасня ў лайнера Airbus A321 "Уральскіх авіяліній", які ляцеў з Анталлі ў Маскву, на вышыні 10 650 метраў выйшлі з ладу абодва аўтапілота, а пры пасадцы адмовіла кіраванне насавога кола. Самалёт паспяхова прызямліўся.
22 жніўня Airbus A350 “Аэрафлота”, які рухаўся рэйсам Хабараўск - Масква, здзейсніў аварыйную пасадку ў Шарамеццева праз датчык задымлення, які спрацаваў. Экіпажу ўдалося патушыць агонь падручнымі сродкамі, ніхто з пасажыраў не пацярпеў. 1 жніўня Boeing 737 авіякампаніі "Аэрафлот", які ляцеў з Анталлі ў Санкт-Пецярбург, таксама здзейсніў вымушаную пасадку пасля адмовы рухавіка праз чатыры хвіліны пасля ўзлёту.
Колькасць інцыдэнтаў з расейскімі самалётамі пачала рэзка павялічвацца пасля ўвядзення ў 2022 годзе заходніх санкцый супраць РФ за напад на Украіну. З-за забароны на пастаўкі запчастак і тэхнічнага абслугоўвання авіякампаніі вымушаны выкарыстоўваць самалёты і кампаненты даўжэй за нарматыўныя тэрміны. Са звестак Расавіяцыі, толькі ў 2023 годзе адбылося амаль 700 авіяінцыдэнтаў, з якіх больш за палову звязаныя з тэхнічнымі няспраўнасцямі.