«Не ведала, што такія вакансіі ёсць»
10- 1.11.2024, 16:50
- 10,188
Беларуска знайшла працу, дзе трэба быць «і шавец, і жнец, і на дудзе ігрэц», а ў адпачынак наўрад ці адпусцяць.
Беларуска расказала ў TikTok, што звярнула ўвагу на вакансію, размешчаную ў інтэрнэце: патрабаваўся памочнік кіраўніка без досведу працы на заробак ад 2000 рублёў. Але супрацоўніку давядзецца выконваць 50 разнапланавых задач з розных сфер. Да прыкладу, дастаўшчык піцы і лагіст. Некаторыя каментатары падумалі, што гэта жарт.
- Я не ведала, што такія вакансіі наогул існуюць. Патрэбны памочнік кіраўніка, заробак — ад 2000 рублёў да выліку падаткаў. Пералічваюць пяць абавязкаў з 50, якія ён павінен выконваць, - паведаміла беларуска.
@fleur_nel #беларусь #минск #минскбеларусь ♬ original sound - 🤍🥥S•phia🐚🍨
Як было паказана ў аб'яве, супрацоўнік павінен выконваць абавязкі лагіста, мэнэджара ў продажах, дастаўшчыка піцы, YouTube-мейкера, а таксама працаваць з буйнымі кліентамі. Яшчэ адзначана, што работніка чакае аплатны водпуск, але ёсць пазнака: «Так проста мы цябе ў яго не адпусцім». На працу прымуць супрацоўніка без досведу працы, але яго чакае некалькі этапаў сумоўя.
Дзяўчына дзеля цікавасці адгукнулася на вакансію праз электронную пошту - хацела даведацца, якая будзе даплата за сумяшчэнне розных пасад. Наймальнік ёй так і не адказаў.
Гледачы роліка выказалі здагадку, што вакансія размешчаная жартам, але некаторыя мяркуюць, што гэта рэальная праца. Маўляў, у фірмах зараз хочуць эканоміць на заробку, але каб работнік рабіў шмат.
Вось некаторыя каментары:
«Бачыла такую вакансію, але там адміністратар. Працаваць трэба па 14-15 гадзін пры графіку 2/2/3, мільён абавязкаў і заробак ад 1500 рублёў».
«Такая сітуацыя зараз практычна з усімі вакансіямі. Працадаўцы эканомяць на супрацоўніках, адной вакансіяй хочуць закрываць дзве-тры з заробкам, якога стае толькі на ежу і аплату камунальных паслуг».
«Для гэтага працадаўцы і прыдумалі паняцці шматзадачнасць і стрэсаўстойлівасць, самі не разумеючы, што гэта не робіць супрацоўніка эфектыўным. Многія не вытрымліваюць выпрабавальнага тэрміну ў такой сітуацыі».
«А наконт водпуску — прыватнікам усё адно што да нашых правоў: на бальнічныя, водпускі, на выкананне абавязкаў за ўсіх. Таму даводзіць нешта, спрачацца бескарысна. Прасцей звольніцца».
«Паглядзіце вакансіі маркетолагаў. Ты там павінен быць і шавец, і жнец, і на дудзе ігрэц».
Журналісты адшукалі гэтую вакансію. Яе размясціла прыватнае прадпрыемства з Менска. Фірма займаецца арэндай і продажам спецтэхнікі (міні-экскаватары, міні-пагрузчыкі і іншае), а таксама надае паслугі па добраўпарадкаванні тэрыторыі і копцы траншэй. Журналісты патэлефанавалі, каб больш падрабязна даведацца пра ўмовы працы, але ім адказалі, што вакансія ўжо неактыўная.