Міхал Пац: беларускі палкаводзец, які граміў маскоўскага цара і турэцкага султана
2- 1.11.2024, 18:47
- 2,638
У Паца быў магутны аўтарытэт сярод жаўнераў.
У 1624 годзе ў сям'і магната, падскарбія надворнага літоўскага і ваяводы трокскага, Пятра Паца нарадзіўся сын, якому далі імя Міхал Казімір. Род Пацаў меў радавы герб «Гоздава». Дваранскія сем'і пад гэтым гербам былі дастаткова магутныя ў той час у ВКЛ. (Сімвалічныя фрагменты герба дагэтуль захаваныя некаторымі польскімі мястэчкамі, у Беларусі ж толькі адзін гарадок, Івацэвічы, мае герб з асноўным элементам Гоздавы: Срэбраная падвойная лілея з залатым кальцом), піша vklby.
Зусім юным Міхала Казіміра Паца аддалі на вайсковую службу. Першае баявое хрышчэнне ён атрымаў у 1649 годзе падчас баёў з казакамі-паўстанцамі Багдана Хмяльніцкага, дзе вызначыўся прынцыповасцю і рашучасцю.
Міхал быў адважны, малады, азартны, ён славіўся заўзятым дуэлянтам. У 1652 годзе на адной з дуэляў яго цяжка ранілі, прычына - палітычны момант: нязгода з магчымай жаніцьбай будучага караля Рэчы Паспалітай, Яна Сабескага, на францужанцы.
З 1655 да 1660 Міхал Пац у складзе дывізіі польнага гетмана Вінцэнта Корвіна Гансеўскага ваюе ў Жамойці, Курляндыі і Лівоніі. У студзені 1658 года Пац аблажыў і ўзяў цытадэль Пернаву (сёння горад Пярну, Літоўская Рэспубліка). Праз год яго паставілі камандаваць палком Жамойцкай дывізіі. У 1659 прызначылі Вялікім чашнікам Літоўскім, а пасля смерці Самуэля Камароўскага - абозным ВКЛ і рэгіментарыем (камандуючым) каронных войскаў. Калі Гансеўскі трапіў у маскоўскі палон, менавіта Міхал Пац камандаваў ягонай дывізіяй.
Змагаючыся супраць швэдскага войска пад камандаваннем фельдмаршала Рoберта Дугласа ў Курляндыі ў 1659 годзе, Пац захапіў замак Гольдынген (сёння Кулдзіга, Латвія). Акрамя таго, ім быў разбіты дзвюхтысячны швэдскі атрад, які ішоў на дапамогу гарнізону Гольдынгена. Пасля Пац адціснуў швэдскія войскі да Рызе.
У Паца быў магутны аўтарытэт сярод жаўнераў і ў цяжкія часы, калі выплата заробку бесперапынна затрымлівалася, незадаволенасць расла, яго аднак двойчы абіралі вайсковым генеральным рэгіментарыем. Пасля заканчэння вайны Рэчы Паспалітай са Швэцыяй, Пац адправіўся ваяваць на ўсходні фронт з маскоўскім царствам. Там ён браў удзел, у баях супраць маскоўскага войска, якім камандаваў ваявода Іван Хаванскі. 13 ліпеня 1660 года ён паспрабаваў вызваліць ад маскоўскага гарнізона горад Вільню. Спроба выявілася няўдалай, праціўнік падпаліў найбліжэйшыя прадмесці і схаваўся за сценамі замка. Увосень гэтага ж года Міхал Пац узяў удзел у бітве на рацэ Бася, дзе камандаваў левым флангам літоўскіх войскаў. Праз год ваяваў у пераможнай бітве на Кушлікавых гарах.
У 1663 годзе ён зноў біўся на дуэлі з такім жа, як і ён сам брэцёрам, Багуславам Радзівілам. І мяркуючы з таго, што абодва пасля гэтай дуэлі засталіся жывыя, яна доўжылася альбо да першай крыві, альбо супраціўнікі наважылі прымірыцца.
У гэтым жа 1663 годзе яго прызначаюць на пасаду ваяводы смаленскага і польнага гетмана літоўскага
У перыяд з 1663 да 1664 года Міхал Казімір Пац браў удзел у Задняпроўскай кампаніі. Пад Віцебскам на рацэ Лучосе ён цалкам разбіў войскі маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага, якія ішлі рэйдам па ВКЛ, спальваючы ўсё на сваім шляху. Затым узяў Рослаў, каля Бранска разбіў маскоўскага ваяводу Юрыя Баратынскага. Потым адправіўся ў Польшчу для падаўлення паўстання, якое падняў супраць караля Рэчы Паспалітай Ежы Любамірскій.
У 1667 год Міхал Пац дасягае вышэйшай вайсковай пасады ў ВКЛ, ён атрымлівае булаву Вялікага гетмана Літоўскага. Акрамя таго, ён знаходзіўся ў складзе дэлегацыі ад ВКЛ пры падпісанні Андросаўскага перамір'я.
У 1668 годзе стаў заснавальнікам касцёла святых Пятра і Паўла ў Вільні. А ў 1669 годзе яго прызначылі Віленскім ваяводам. Таксама ён увёў у статуты войскі ВКЛ правілы вайсковай дысцыпліны і правілы вайсковых судоў.
Будучы Вялікім гетманам Літоўскім Міхал Казімір Пац узяў удзел у першых ваенных кампаніях за вызваленне ўкраінскіх зямель ад Турцыі. Удзельнічаў у Хоцінскай бітве, дзе войскі Рэчы Паспалітай распляжылі туркаў. Аднак, будучы лютым праціўнікам Яна Сабескага, які быў абраны каралём Рэчы Паспалітай, Пац адмовіўся ўдзельнічаць у наступнай вайне супраць Турцыі.
Памёр Міхал Казімір Пац 4 красавіка 1682 у сваім маёнтку Вака пад Вільняй. Паводле завяшчання яго пахавалі пад уваходам заснаванага ім жа касцёла святых Пятра і Паўла. Аж да XVII стагоддзя, справа ад уваходу ў касцёл знаходзілася надмагільная пліта Паца, але ўдар маланкі раскалоў яе, і яна была замененая простай плітой без надпісаў.
У гонар знакамітага ваеначальніка Паца названая таксама вуліца ў Вільні, якая пачынаецца побач з касцёлам.