Беларуская эканоміка падае трывожны сігнал
- 1.11.2024, 19:25
- 3,966
Чаму гандлёвы дэфіцыт паставіў антырэкорд у верасні.
Паводле звестак Белстата, у верасні дэфіцыт замежнага гандлю паставіў чарговы антырэкорд. Ключавую ролю адыграў дысбаланс у гандлі з краінамі па-за СНД. Пакуль беларускія чыноўнікі выхваляюцца поспехамі ў асваенні рынкаў далёкай дугі, беларускі экспарт на гэтыя рынкі абрынуўся на 42% у верасні, піша «Белорусы и рынок».
Адмоўнае сальда замежнага гандлю таварамі за верасень склала 977 мільёнаў даляраў. Гэта рэкордны паказчык гэтага года. Агулам за дзевяць месяцаў дэфіцыт замежнага гандлю быў 3,4 мільярды. Што, увогуле, таксама шмат. На 65% больш, чым летась.
Галоўную ролю адыграў правал у гандлі з краінамі па-за СНД. За месяц беларускі экспарт на гэтыя рынкі абрынуўся адразу на 42%. Пры гэтым імпарт наадварот вырас у паўтара разы. У выніку дэфіцыт гандлю з гэтымі краінамі за месяц склаў 1,4 мільярда даляраў.
Хутчэй за ўсё, адна з прычын значнага росту кошту імпарту - гэта, як ні парадаксальна, еўрапейскія санкцыі на імпарт у Беларусь. Па-першае, верасень быў апошнім месяцам, калі ўвозіць тавары, якія сталі падсанкцыйнымі, яшчэ можна было паводле старых кантрактаў. І, вядома, беларускія кампаніі скарысталіся гэтай магчымасцю максімальна, закупляючы ўсё ў запас.
Па-другое, праз санкцыі лагістыка стала даўжэйшай і даражэйшай. Адпаведна падаражэў імпарт у кампаній, якія не маглі скарыстацца шчылінай са старымі кантрактамі.
А вось на беларускі экспарт Захад у апошні час ніякіх істотных санкцый не ўводзіў. Так што яго падзенне - вынік натуральнай кан'юнктуры на сусветных рынках. Спыненне Расеяй выплаты кампенсацый беларускім НПЗ за перапрацоўку нафты і зніжэнне коштаў беларускага калію.
Ну і крышку - заслуга беларускіх чыноўнікаў. Якія апошнім часам вельмі любяць выхваляцца поспехамі ў дыверсіфікацыі экспарту і асваенні рынкаў далёкай дугі.
Напрыклад, тым, што беларускі экспарт у краіны Афрыкі за восем месяцаў вырас у чатыры разы ў параўнанні з мінулым годам і склаў паўмільярда даляраў. Праўда, чыноўнікі пры гэтым не ўдакладняюць, што паўмільярда даляраў - гэта дваццатая частка ад беларускага экспарту ў Расею.