Падмаскоўе палае: дроны нанеслі найбуйнейшы ўдар па Маскве
40- 10.11.2024, 12:01
- 65,508
Дзясяткі беспілотнікаў атакавалі сталіцу РФ.
У нядзелю, 10 лістапада, дзясяткі беспілотнікаў атакавалі Маскву. Мэр горада Сяргей Сабянін на гэты момант пацвердзіў знішчэнне сама меней 32 дронаў у акругах Дамадзедава, Раменскага і Каломны.
Агенцтва Reuters назвала цяперашнюю атаку беспілотнікаў «найбуйнейшым ударам па расейскай сталіцы на сёння» з моманту пачатку вайны ва Украіне.
Жыхары Падмаскоўя знялі на камеру як самі беспілотнікі, так і момант збівання некалькіх дронаў, напрыклад, у Раменскім і Каломне.
Праз паветраны напад адразу тры маскоўскія аэрапорты - Дамадзедава, Шарамеццева і Жукоўскі - увялі план «Дыван» і прыпынілі прылёт і вылет самалётаў на некалькі гадзін. Так, рэйс з Менска ў Шарамеццева быў перанесены на гадзіну, аднак да цяперашняй гадзіны ўсе рэйсы ідуць паводле раскладу.
Паводле інфармацыі Telegram-канала Mash, тры беспілотнікі ледзь не трапілі ў пасажырскі Airbus A320, які ляцеў над Масквой і выконваў рэйс з горада Бухары ва Узбекістане ў Шарамеццева.
«У апошні момант пілот заўважыў, што курс перасякаюць тры дроны, і ледзь не сутыкнуўся з адным з БПЛА», — паведаміла крыніца канала.
У выніку самалёт сеў у Шарамеццеве, а іншыя 8 бартоў перанакіравалі на запасны аэрадром. Усяго за час дзеяння плана «Дыван», паводле звестак канала, на запасныя аэрадромы прызямліліся 36 самалётаў.
Мэр Масквы Сабянін не паведаміў аб якіх-небудзь разбурэннях на зямлі або пацярпелых з ліку цывільных, а вось губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб'ёў падзяліўся інфармацыяй аб наступствах масаванай атакі беспілотнікаў.
Паводле яго звестак, у Раменскай гарадской акрузе пасля падзення беспілотнікаў загарэліся 2 дамы ў пасёлку Станавым.
«Ад аскепкаў пацярпела 52-гадовая жанчына, яе шпіталізавалі ў лякарню з апёкамі твару, шыі і рук - стан сярэдняй цяжкасці, цяпер яна ў рэанімацыі», - распавёў губернатар.
Кадрамі дагараючага на зямлі збітага дрона падзяліўся Telegram-канал «Контекст».
Паводле інфармацыі канала Baza, там у выніку падзення падпаленых аскепкаў загарэліся два прыватныя дамы -адзін дом разбураны, у другога гарыць дах. Акрамя таго, паведамляецца аб пашкоджанні аўтамабіля, які праязджаў побач.
Агенцтва ТАСС расказала аб наступствах атакі дронаў у суседнім сяле Соф'іне. Там абломкі збітага беспілотніка ўпалі на прыпаркаваны ў двары шматкватэрнага дома аўтамабіль.