Трамп абвясціў імя свайго дарадцы ў нацбяспецы
9- 12.11.2024, 23:56
- 12,150
Ён з'яўляецца экспертам у пытаннях пагрозаў з боку Кітая і Расеі.
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пацвердзіў прызначэнне кангрэсмэна ад Флорыды Майка Уолца дарадцам у нацыянальнай бяспецы ў сваёй будучай адміністрацыі.
Як паведамляе «Еўрапейская праўда», адпаведную заяву распаўсюдзіла кампанія Трампа.
Трамп адзначыў, што ягоны будучы дарадца ў нацыянальнай бяспецы з'яўляецца «экспертам у пытаннях пагрозаў з боку Кітая, Расеі, Ірана і глабальнага тэрарызму».
«Майк быў катэгарычным прыхільнікам маёй знешнепалітычнай праграмы “Амерыка перш за ўсё” і будзе вялікім прыхільнікам нашага імкнення да міру праз сілу!» – падсумаваў абраны амерыканскі прэзідэнт.
Уолц – ветэран войска ЗША і першы «зялёны берэт» (служыў у Сілах спецаперацый ЗША), які абраўся ў Кангрэс.
Уолц мае досвед працы ў Пентагоне дарадцам, а таксама працаваў у сектары абароны кіраўніком аднаго з падраднікаў Мінабароны. У Палаце прадстаўнікоў ён займаецца тэмай супрацьстаяння Кітаю і змяншэння залежнасці ад кітайскіх рэсурсаў і ўважаецца за аднаго з самых жорсткіх яго крытыкаў у Рэспубліканскай партыі.
Нягледзячы на адсутнасць досведу працы ў адміністрацыі Трампа, Уолц падтрымлівае з ім сяброўскія стасункі – не ў апошнюю чаргу таму, што Уолц актыўна абараняе экс-прэзідэнта падчас выступаў на Fox News, – і кансультуе яго ў пытаннях нацыянальнай бяспекі.
Ён выступае за далейшую падтрымку Украіны, але з упорам на кантроль за выдаткамі сродкаў амерыканскіх падаткаплацельнікаў.