Раптам зніклі расейскія катары, якія ахоўвалі Крымскі мост
- 15.11.2024, 10:05
- 3,444
Летась іх было 10-14, цяпер - нуль.
Летась незаконна пабудаваны Керчанскі мост ахоўвалі ад 10 да 14 расейскіх караблёў і катараў адначасова. Цяпер іх няма, а для абароны ад безэкіпажных катараў расейцы выкарыстоўваюць авіяцыю.
Пра гэта паведаміў спікер ВМС Украіны Дзмітрый Плецянчук у каментары «Грамадскаму радыё».
«Яны ўвесь час, асабліва перад перыядам штармоў, максімальна нарошчваюць усе сродкі. Гэта гідратэхнічныя збудаванні, гэта пантоны, гэта разнастайныя прыбудовы. Летась, напрыклад, на ахове моста знаходзілася ад 10 да 14 караблёў і катараў адначасова. Цяпер іх нуль. Яны пераводзяць гэта на паветраны складнік», - сказаў ён.
Паводле ягоных слоў, для абароны ад марскіх дронаў расейцы выкарыстоўваюць у першую чаргу гелікаптэры.
«Бо яны маюць прыкладна такую ж хуткасць і, адпаведна, на іх патруляваць такі ўчастак лягчэй, чым на самалёце. І ніжэй можна працаваць. Але, вядома, варункі надвор'я могуць не дазволіць наогул вылятаць», - распавёў Плецянчук.
Таксама, паводле ягоных слоў, Украіна не адмаўляецца ад сваіх стратэгічных планаў разбурыць Керчанскі мост, нягледзячы на ўзмацненне абароны з боку Расеі.