Улады Беларусі арганізавалі канфэрэнцыю аб нелегальнай міграцыі
5- 15.11.2024, 15:40
- 3,462
Але заходнія дыпляматы не прыйшлі на яе.
Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч паскардзіўся праўладным журналістам, што дыпляматы краінаў Эўразьвязу, якія працуюць у Менску, міжнародную канфэрэнцыю праігнаравалі, паведамляе «Радыё Свабода».
«Каб знайсьці шляхі вырашэньня пытаньня, трэба сядаць за стол перамоваў, весьці дыялёг, выпрацоўваць канструктыўныя сумесныя крокі, арганізоўваць больш шчыльнае ўзаемадзеяньне. Вядома ж, з краінамі-суседзямі — Польшчай, краінамі Балтыі», — сказаў Вальфовіч, наракаючы на тое, што дыпляматы эўрапейскіх дзяржаў не прыйшлі на канфэрэнцыю.
Ён абвінаваціў суседнія краіны ЭЗ у забойстве мігрантаў і падкіданьні іх на беларускую мяжу. Звычайна такія абвінавачаньні гучаць ад Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.
Пра канфэрэнцыю ўпершыню сказаў міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у канцы верасьня. Тады ж ён сказаў пра тое, што нібыта беларускі бок атрымаў нават пацьверджаньні ўдзелу ад прадстаўнікоў дзяржаваў ЭЗ.
У выніку канфэрэнцыю праводзяць без эўрапейскіх дыпляматаў.
«Калі ня хоча з намі Эўразьвяз працаваць, рашэньне відавочнае: ідзіце ў гэтыя краіны, адкуль бягуць гэтыя людзі, і працуйце зь імі. Каб яны выбудоўвалі на мяжы сваёй краіны ўсе гэтыя бар’еры, каб іх праваахоўныя органы не дапускалі гэтых нелегальных мігрантаў. Рабіце зь імі аблавы ў аэрапорце, на чыгунцы, на аўтамабільных дарогах, у лясах, балотах і гэтак далей. І тады пытаньняў да Беларусі проста ня будзе», — сказаў Максім Рыжанкоў.
Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы раней абвінаваціла рэжым Лукашэнкі ў Беларусі і рэжым Пуціна ў Расеі ў правакаваньні мігранцкага крызісу.