Краіна мёртвых душаў
3- ТЭЛЕГРАМ-КАНАЛ «СЕРПОМПО»
- 16.11.2024, 11:24
- 5,986
У прамым і ў пераносным сэнсе.
У фільме «Уцёкі з Шоўшэнка» ёсць эпізод. Галоўны герой – Эндзі Дзюфрэйн фармуе турэмную бібліятэку з дасланых кніг. Адзін са зняволеных пытаецца, куды паставіць «Графа Монтэ-Крыста». «У практычныя дапаможнікі», – адказвае Эндзі.
У Расеі, якая перажывае ва ўсіх сваіх гнілых, разлезлых дзяржаўных сучляненнях неверагодную кансалідацыю з гарачай «галавой», адбываецца тое самае.
У горадзе на Няве, служывы люд чытаў «Мёртвыя душы» як практычны дапаможнік.
Як піша прэса, былі ўзятыя ў абарачэнне супрацоўнікі ваенкамата, якія выпраўлялі на «спецаперацыю» Пуціна «мёртвыя душы», за што атрымлівалі выплаты. Падобна на Чычыкава, які набываў памерлых сялянаў на вывад у Таўрыцкую губерню, каб атрымаць за іх грошы. А па дарозе што здарылася? Памерлі сяляне.
Такім чынам, хто ў нас за Чычыкава? Памочнік ваеннага камісара і ягоная жонка шукалі грамадзянаў, якіх фіктыўна працаўладкоўвалі ў «энэргетычную кампанію». Там да іх далучалася супрацоўніца аддзела кадраў. Гэта – трыадзіны Чычыкаў.
Далей пачынаўся «вывад сялянаў» – ад імя «мёртвых душаў» складаліся кантракты з Мінабароны. МУС рапартуе, сурова сціснуўшы вусны: «Надалей такім працаўнікам належалі штомесячныя выплаты памерам 50 тысячаў рублёў, а таксама аднаразовая выплата памерам 500 тысячаў рублёў. Гэтыя грашовыя сродкі зламыснікі прысвойвалі».
Увогуле, выдатнае ў Расеі жыццё – класічная расейская літаратура не проста асучаснілася, але ўвасобілася ў рэальнасць, зрабілася быллю, ператварыўшы Расею ў краіну мёртвых душаў. У прамым і ў пераносным сэнсе.
Тэлеграм-канал «СерпомПо»