«З гэтым мірыцца нельга»: Z-блогер зладзіў істэрыку праз вялізныя страты РФ пад Курскам
7- 16.11.2024, 12:06
- 7,890
І абвінаваціў камандаванне ў хлусні.
Расейскі Z-блогер Юрый Падаляка абвінаваціў расейскае камандаванне ў хлусні і наўмысным перабольшванні рэальных поспехаў расейскага войска ў Курскай вобласці. Наверх камандзіры адпраўляюць ілжывыя справаздачы, у якіх малююць кантроль войска РФ над населенымі пунктамі, якія кантралююцца Сіламі абароны Украіны.
Пры гэтым за хлусню камандзіраў плацяць сваімі жыццямі шараговыя акупанты, якіх кідаюць у «мясныя штурмы», страты войска РФ, паводле словаў прапагандыста – велізарныя і бессэнсоўныя. На скаргі Падалякі звярнуў увагу Telegram-канал «Сеятель ветра».
Падаляка раптам абурыўся на расейскае камандаванне, якое, паводле ягоных словаў, загразла ў хлусні.
«Тое, што я бачу і разумею, і тое, што дакладаецца наверх нашаму камандаванню – гэта дзве розныя рэальнасці. У віртуальнай рэальнасці, якая дакладаецца ў наш генеральны штаб і, адпаведна, далей кладзецца на стол кіраўніцтву краіны, у нас усё добра, мы вызваляем шмат населеных пунктаў. У рэальнасці вораг усе гэтыя населеныя пункты, як на поўдзень ад Паграбкоў – Арлоўка, Новыя і Старыя Сарочыны, а таксама самі Паграбкі – гэта ўсё пакуль не наша. Гэта пад ворагам», – выдаў прапагандыст.
Пры гэтым, намаляваўшы ў дакладах кіраўніцтву «вызваленыя» населеныя пункты, камандзіры на месцах кідаюць акупантаў у непадрыхтаваныя «мясныя штурмы». Яны сканчаюцца праваламі, а адзіны вынік падобных нападаў – у масавым знішчэнні расейскіх вайскоўцаў.
«Каб гэтыя даклады пацвердзіць, камандаванне наша на Курскім адрэзку прымушае нашу 810 брыгаду, у сутнасці, абнуляць сябе. Вялізныя страты, бессэнсоўныя – праз хлусню. І з гэтым далей мірыцца нельга. Гэта найважнейшая праблема, якую мы выкараніць павінны ў першую чаргу. Хлусня! Колькі ўжо хлопцаў загінулі праз гэтую дэбільную хлусню!» – абурыўся Падаляка.