16 лiстапада 2024, Субота, 14:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нафтавая імперыя Пуціна разбураецца

1
Нафтавая імперыя Пуціна разбураецца

Крызіс ахапіў найважнейшую для бюджэту РФ галіну.

Шэраг нафтаперапрацоўчых заводаў Расеі на мяжы закрыцця праз вайну. Гэта Туапсінскі, Ільінскі і Новашахцінскі НПЗ.

Пра гэта паведамляе Reuters, спасылаючыся адразу на пяць інфармаваных крыніцаў, якія працуюць у энэргетычнай сферы.

Як мінімум тры вышэйназваныя НПЗ Расеі або скарацілі перапрацоўку нафты, або ўвогуле яе спынілі праз вялізныя страты. На іх цісне абмежаванне экспарту, рост коштаў сыравіны, а таксама высокая ключавая стаўка, праз якую крэдытаванне стала недаступным.

Яшчэ адной праблемай для расейскіх НПЗ сталі рэгулярныя беспілотныя атакі з боку Украіны. Заводам даводзіцца прадаваць паліва з вялікімі зніжкамі, каб знайсці пакупнікоў. У выніку ўся гэтая галіна ў Расеі перажывае вельмі цяжкія часы.

«Крызіс у галіне прывёў да скарачэння экспарту паліва і прыбыткаў нафтавых кампаній. Менш грашовых сродкаў ідзе ў дзяржбюджэт Расейскай Федэрацыі, што суправаджаецца высокай інфляцыяй і нявызначанасцю на энэргетычных рынках», – піша Reuters.

Адзначым, што да поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну нафтавая галіна была ў росквіце дзякуючы рэзкаму росту попыту пасля заканчэння пандэміі каранавірусу і аднаўленню эканамічнай актыўнасці. Расейскія кампаніі зараблялі вялізныя грошы. Аднак так званая «СВА» ўсё памяняла.

Найбольшы ўдар прынялі на сябе састарэлыя расейскія НПЗ, якія спецыялізуюцца на вытворчасці стандартных відаў паліва. Іх страты ў другім паўгоддзі 2024 года дасягнулі вялікага памеру – блізу 102 даляры на тону прадукцыі.

«Газпраму» неаднаразова даводзілася прыпыняць працу Туапсінскага НПЗ праз нізкую рэнтабельнасць. Ільскі і Новашахцінскі заводы, размешчаныя на поўдні Расеі, ужо некалькі месяцаў функцыянуюць толькі на палову сваіх магчымасцяў, перапрацоўваючы блізу 70000 і 60000 бараляў нафты за дзень адпаведна.

Прычынай такога скарачэння стала імкненне кампаній мінімізаваць страты. Усе гэтыя тры нафтавыя заводы зазналі неаднаразова ўдары ўкраінскіх дронаў, што таксама паўплывала на аб'ёмы перапрацоўкі.

Пазыкі расейскіх НПЗ хутка растуць. Заводы ўжо не могуць, як раней, развязваць праблемы за кошт крэдытаў – занадта высокая адсоткавая стаўка.

«Яшчэ адной праблемай стала падаражэнне сырой нафты, якая ў кастрычніку на ўнутраным рынку Расеі гандлявалася на ўзроўні 50 тыс. рублёў за тону, у той час як для атрымання прыбытку незалежным НПЗ неабходны максімальны кошт 35 тыс. рублёў», — гаворыцца ў артыкуле.

Кошты сырой нафты ў Расеі выраслі праз паслабленне рубля. Ударыла па заводах і падзенне амаль на 60% коштаў дызельнага паліва на еўрапейскіх рынках.

Расейскія нафтавікі звярнуліся па дапамогу да расейскага ўраду, просячы пра субсідыі. Аднак ніякіх пастановаў наконт гэтага пакуль не прынята. Калі Крэмль не пачне ратаваць свае НПЗ, хваля зачыненняў пракоціцца па Расеі ўжо ў будучым 2025 годзе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках