Больш за 20 беларусаў выратавалі з рабства на сметніку пад Масквой
11- 16.11.2024, 14:33
- 9,034
Умовы іх утрымання шакавалі валанцёраў.
У Падольску (Маскоўская вобласць) паліцыя правяла праверку звалкі, дзе, паводле словаў беларуса, людзей утрымлівалі фактычна ў рабскіх умовах.
Гэты мужчына расказаў валанцёрам руху «Альтэрнатыва», што яго разам з іншымі прымушалі бясплатна працаваць на гатункаванні смецця, адбіралі пашпарты і не выплачвалі заробак. Супрацоўнікі знаходзілі ежу проста на сметніку.
На месцы паліцыя знайшла 60 беларусаў. Частка з іх сцвярджала, што прыехала добраахвотна, а іншая частка – блізу 20 чалавек – прасіла дапамогі, каб вярнуцца дадому. Людзі тлумачылі, што іх дакументы былі канфіскаваныя, а спробы ўцёкаў спыняліся пагрозамі.
Прадстаўнік працадаўцы, верагодна, баючыся наступстваў, паабяцаў вярнуць пашпарты, выплаціць грошы і арганізаваць паездку дадому. Большасць працаўнікоў пагадзіліся на гэтыя ўмовы. Толькі два мужчыны адмовіліся і папрасілі валанцёраў знайсці ім прытулак, што і было зроблена.
Пазней працадаўца даслаў відэа, на якім людзі дэманструюць атрыманыя грошы і паведамляюць, што перасеклі мяжу з Беларуссю.