«Гэта адказ Пуціна тым, хто яму тэлефануе»
5- 17.11.2024, 13:57
- 6,610
Кіраўнік МЗС Украіны пракаментаваў масаваную ракетную атаку РФ.
Расея ў нядзелю, 17 лістапада, ажыццявіла адну з самых масаваных паветраных атак на Украіну, якая стала адказам расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна тым, хто тэлефанаваў яму і наведваў яго, заявіў кіраўнік украінскага МЗС Андрэй Сібіга.
Ён адзначыў, што ў нядзелю расейскія акупанты нанеслі адзін з самых масаваных удараў - беспілотнікі і ракеты ўдарылі па гарадах, мірных жыхарах і крытычнай інфраструктуры.
«Гэта сапраўдны адказ вайсковага злачынца Пуціна ўсім, хто апошнім часам тэлефанаваў і наведваў яго», — заявіў кіраўнік МЗС.
Сібіга дадаў, што Украіне «патрэбен мір праз сілу, а не супакаенне».
17 лістапада расейскія войскі ўжылі па Украіне блізу 120 ракет і 90 дронаў. Сілы СПА знішчылі больш за 140 паветраных цэляў, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.