У Беларусі ўсё часцей рэпрэсуюць жыхароў рэгіёнаў
3- 17.11.2024, 20:42
- 6,636
Асабліва ў Гомельскай вобласці.
Пад рэпрэсіі ў Беларусі ўсё больш сталі пападаць жыхары рэгіёнаў. Ад пачатку восені адміністрацыйныя суды там праходзяць часцей, чым у Менску, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Самым рэпрэсіўным рэгіёнам на гэтую восень з'яўляецца Гомельская вобласць - паводле адміністрацыйных спраў там асудзілі не менш як 337 чалавек. Толькі ў Рэчыцы адміністрацыйныя справы атрымалі не менш як 98 чалавек.
На другім месцы Берасцейская вобласць. Там прайшло як мінімум 278 палітычных судовых працэсаў, большая частка з іх была ў Берасці. Прычым менавіта ў гэтым горадзе судзілі тых, каго затрымалі на мяжы па вяртанні ў Беларусь. Сілавікі актыўна пераследавалі і жыхароў Баранавічаў - 56 выпадкаў.
Таксама масавыя суды прайшлі ў Барысаве, Ваўкавыску, Глыбокім, Добрушы, Жлобіне, Лепелі, Мазыры, Наваполацку, Воршы, Пінску і іншых гарадах, паведамляюць праваабаронцы. Усяго за апошнія два з паловай месяцы яны зафіксавалі 1 452 выпадкі рэпрэсій (арышты, ператрусы, адміністрацыйныя суды і г.д.).