Патрыярх Гундзяеў занерваваўся праз настроі ў Расеі
22- 2.11.2024, 10:40
- 9,976
Няма памкнення ваяваць.
Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) патрыярх Кірыл (Гундзяеў) падчас выступу 31 кастрычніка адзначыў сацыяльныя і ідэалагічныя расколы ў расейскім грамадстве, паўтараючы шаблонныя апраўданні вайны ва Украіне. Кірыл адзначыў, што частка расейцаў апатычная і незацікаўленая падзеямі на фронце. Таксама ён крытыкаваў тых, хто выбірае асабісты камфорт і несур'ёзныя забаўкі замест падтрымкі вайны.
Пра гэта піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW). Гэты папрок сведчыць пра рост занепакоенасці Крамля падтрымкай вайны сярод расейцаў.
Апытанні паказваюць ваганні ў падтрымцы палітыкі Крамля, сярод іншага, у адносінах да вайны, у той час як падтрымка Пуціна застаецца высокай. У той самы час многія расейцы, асабліва тыя, хто не мае асабістых стратаў праз вайну, застаюцца абыякавымі.
Крэмль можа быць занепакоены расколам паміж расейцамі, якія асабіста пацярпелі ад вайны, і тымі, хто змог засцерагчы сябе і сваіх блізкіх. Таксама магчымая занепакоенасць наконт апатыі да вайны на фоне верагоднай другой хвалі мабілізацыі, да якой значная частка насельніцтва ставіцца крытычна.
Кірыл таксама адзначыў рост жорсткасці ў расейскім войску, звязваючы гэта з уплывам «неапаганскага» культу, які нібы прасоўвае ідэі сілы і жорсткасці. Ён адзначыў, што такія прапаведнікі спрабуюць адрадзіць паганства, распаўсюджваючы перакананне, што хрысціянства не падтрымлівае гераізм, але «святыя» расейскія воіны аспрэчваюць гэтае меркаванне ўласнымі паводзінамі, хоць і прызнаўся, што «неапаганства» распаўсюджваецца ў войску.
Кірыл таксама асудзіў святкаванне Хэлоўіна ў Расеі і ўзняў тэму жорсткасці сярод вайскоўцаў як на перадавой, так і пасля вяртання дадому.
Паводле назіранняў ISW, шматлікія выпадкі гвалту, асабліва сярод былых байцоў групы Вагнера, выяўляюцца як на фронце, так і ў цывільным жыцці.
Верагодна, Расея сутыкнецца са значным ростам узроўню жорсткасці ў грамадстве пасля вяртання дадому большай колькасці траўмаваных вайскоўцаў, калі будзе прадаўжаць жорстка абыходзіцца са сваімі салдатамі, адмаўляючыся ад належнай псіхалагічнай дапамогі ветэранам, і будзе ўзмацняць мілітарызацыю грамадства, навучальных установаў і дзяржаўных структураў.