7 лiстапада 2024, Чацвер, 22:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Лошыцкага яру ў Менску знік мемарыяльны крыж

6
З Лошыцкага яру ў Менску знік мемарыяльны крыж

Да яго штогод на Дзяды прыходзілі з памятнымі шэсцямі.

З Лошыцкага яру ў Менску знік крыж ахвярам бальшавіцкага тэрору.

Мяркуюць, што ў гэтым урочышчы ў 1937–1941 гадах органы НКУС праводзілі масавыя расстрэлы.

На гэта звярнуў увагу тэлеграм-канал «Спадчына».

Мемарыяльны крыж ахвярам бальшавіцкага тэрору быў усталяваны на ўскраіне Лошыцкага парку ў 1990-я гады намаганнямі Свіслацкага аддзялення Менскай арганізацыі Беларускага Народнага Фронту і аб'яднання «Мартыралог Беларусі». Драўляны крыж вышынёй пяць метраў быў спраектаваны вядомым мастаком Міколам Купавам.

Крыж нагадвае пра брацкую магілу, у якой знаходзяцца ахвяры НКУС. У канцы 1990-х гадоў пачалася забудова тэрыторыі гаражамі, таму знайсці крыж няпроста. Лошыцкі парк знаходзіцца на паўднёвай ускраіне Менска. У ХІХ стагоддзі тут узнік сядзібны комплекс з вялікім паркам, які быў канфіскаваны пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Падчас грамадзянскай вайны з 1918 да 1920 года тэрыторыя выкарыстоўвалася ў розных мэтах, пакуль у сярэдзіне 1920-х гадоў яе не падзялілі.

У сярэдзіне 1920-х гадоў былая сядзіба ў Лошыцы была падзеленая: на адной частцы парку размясцілася сельскагаспадарчая даследчая ўстанова, а саму сядзібу перадалі АДПУ, пазней пераназванаму ў НКУС.

Тут размясціўся аддзел спецыяльнага прызначэння, які займаўся падрыхтоўкай савецкіх выведных і дыверсійных групаў. У 1920-я і 1930-я гады гэтыя групы перакідваліся праз савецка-польскую мяжу, якая праходзіла недалёка ад Менска, і мусілі займацца там падпольнай антыпольскай дзейнасцю.

У сваю чаргу многія людзі з Польшчы імкнуліся перабрацца ў Савецкі Саюз, спадзеючыся на лепшае жыццё, паверыўшы камуністычнай прапагандзе. Савецкая дзяржбяспека сустракала іх з недаверам, бачачы ў іх патэнцыйных шпіёнаў і ворагаў.

Сцвярджаецца, што сотні арыштаваных бежанцаў траплялі такім чынам у Лошыцу, дзе шмат хто быў расстраляны і пахаваны ў пясчанай яме ў паўночна-ўсходняй частцы парку.

Пасля прыходу нямецкіх войскаў у Менск у 1941 годзе сядзіба ў Лошыцы была занятая менскім акруговым камісарам. Падчас акупацыі тут была расстраляная невядомая частка габрэяў і партызанаў, якіх хавалі ў іншай яме.

Зянон Пазняк сцвярджае, што пра расстрэлы ў Лошыцы ён даведаўся ў 1988 годзе, калі апытваў мясцовых жыхароў. Улетку таго ж года, калі праводзіліся археалагічныя раскопкі і эксгумацыя ў Курапатах, месца расстрэлаў у Лошыцы, паводле ягоных словаў, было засыпанае грунтам, каб схаваць сляды злачынстваў бальшавікоў.

Калі ён вярнуўся сюды ў 1989 годзе, каб зрабіць разметку пад археалагічныя раскопкі, то ўбачыў, што яр засыпаны, а на ягоным месцы размешчаныя гаражы. Пазняк расказваў, што спрабаваў з групай моладзі раскапаць друз, але гэта не атрымалася.

На падставе словаў сведкаў расстрэлаў Зянон Пазняк таксама расказвае, што тут у 1937 годзе расстрэльвалі людзей кожны дзень, а нкуснікі ахвотна давалі камсамольцам пастраляць у ворагаў народа і нават 20 сталінскіх капеек (гэта кошт пачкі запалак) за адзін стрэл і адно забойства. Мяркуюць, што ў Лошыцы забілі і закапалі не менш за дзесяць тысячаў чалавек.

Лошыцкі яр стаў традыцыйным месцам, куды штогод на Дзяды прыходзілі з памятнымі шэсцямі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках