Сярэдні чэк за тэхабслугоўванне аўто ў Беларусі вырас у 2-3 разы
9- 26.11.2024, 11:44
- 6,822
Уладальнік сеткі СТА расказаў, чаму.
Уладальнік адной з сетак СТА ў Беларусі Дзмітрый Якавенка і тэхнічны спецыяліст Сяргей Валчэцкі расказалі, чаму сярэдні чэк за тэхабслугоўванне аўтамабіля за два гады вырас у 2-3 разы. З іх слоў, уся рэч у закрыцці межаў і замежных санкцыях, што прывяло да праблем з запчасткамі і іх дарагоўляй, піша Av.by.
Улічваючы, што санкцыі закранулі не толькі сферу запасных частак, але і абсталяванне для абслугоўвання аўтамабіляў, многія СТА яшчэ да змен на рынку працавалі з еўрапейскімі брэндамі. Аднак, паводле слоў экспэртаў, у сувязі з абмежаваннямі некаторыя скасавалі з імі падпіску на дыягнастычнае абсталяванне ў Беларусі.
“Безумоўна, гэтае абсталяванне яшчэ працягвае выкарыстоўвацца для нейкіх прац, але фактычна яно ператвараецца ў дарагую “цэглу”, — адзначыў Сяргей Валчэцкі.
Так, на змену еўрапейскай "санкцыёнцы" прыйшлі Расея і Кітай, дзе пачалі рабіць абсталяванне для дыягностыкі аўтамабіляў, паліўнай апаратуры ды іншае. Акрамя таго, Сяргей Валчэцкі запэўніў, што ў краіне таксама заняліся выпускам такой тэхнікі, і СТА пачынаюць часткова пераходзіць на яе. Што тычыцца канкрэтна запчастак, то санкцыі прывялі да таго, што на рынку стала з'яўляцца больш невядомых брэндаў.
“Санкцыі паўплывалі на наяўнасць на нашым рынку запчастак: стала з'яўляцца больш “ноўмэймаў”, паступова сышлі з рынку некаторыя вядомыя маркі. Вядома, у Беларусь усё адно трапляюць еўрапейскія запчасткі, але ў абмежаванай колькасці, бо завезці іх зараз няпроста, доўга і дорага. Калі да 2022 года запчастка да Беларусі даязджала за 1 000 кіламетраў, то зараз - 5-6 тысяч. А гэта не можа не адбіцца на яе кошце”, - падкрэсліў тэхнічны спецыяліст.
Аўтаўладальнікі, напэўна, заўважылі, што за апошні год-два ў краіне з'явілася значна больш кітайскіх запчастак. І, як адзначаюць Сяргей і Дзмітрый, калі да 2022 года кліенты СТА выбіралі запчасткі прэміум-сегмента, арыгінальныя, то сёння не грэбуюць "медыумам" і "кітаем".
“Насцярожанасць у беларусаў да кітайскіх запчастак была, калі ў краіне ў лішку знаходзіліся арыгінальныя. А сёння выкарыстанне кітайскіх запчастак у нашых СТА займае блізу 40 адсоткаў. Уся рэч у тым, што яны больш даступныя і асартыментам і коштам. А ад гэтага часта залежыць пастанова кліентаў купляць тую ці іншую запчастку”, - адзначыў Дзмітрый Якавенка.
Ён дадаў, што кошты ў краіне "і так моцна выраслі". Паводле ягоных слоў, калі параўнаць сярэдні чэк на СТА два гады таму і зараз, розніца будзе ў два-тры разы. Пры гэтым кошт работ, норма-гадзіны амаль не змяніліся. Падвышэнне адбылося менавіта ў кошце запчастак.