ДАІ пачала 9-дзённыя рэйды па ўсёй Беларусі
14- 27.11.2024, 12:14
- 15,406
За што прыстрашылі штрафам да 200 рублёў?
Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі 27 лістапада пачала рэспубліканскую прафілактычную акцыю "Змяні свой стыль на зімовы!”. Рэйды паабяцалі праводзіць да 5 снежня, піша telegraf.news. Інспектары расказалі, пра што будуць «інфармаваць» да 1 снежня, а за што штрафаваць пасля.
У акцыі дзве мэты - папярэджанне і прафілактыка ДТЗ зімой і прапаганда выкарыстання зімовых шын. Да канца лістапада вартавыя дарог паабяцалі распавядаць кіроўцам пра неабходнасць сезоннай змены шын. А з 1 снежня глядзець, як аўто падрыхтавалі да снежнага надвор'я.
Бо, як вядома, з гэтай даты кіроўцы абавязаны паставіць зімовую гуму на ўсе колы. "Парушэнне гэтага патрабавання пацягне штраф да адной базавай велічыні (40 рублёў), пры паўторным парушэнні на працягу года — ад двух да пяці базавых (80-200 рублёў)”, — папярэдзілі ў ДАІ.
Там адзначылі, што да зімы трэба не толькі падрыхтаваць аўто, але і кіроўцам перастроіцца на “зімовы, больш спакойны і акуратны стыль кіравання”. Вось якія рэкамендацыі для іх далі ў ведамстве:
* пазбягаць рэзкіх рухаў і манеўраў, асабліва каля пешаходных пераходаў, на закругленнях і прадуваных участках трас,
* выбіраць найбольш бяспечны хуткасны рэжым, улічваючы стан дарогі і надвор'е,
* павялічыць дыстанцыю на трасах,
* прышпільвацца ўсім у аўто.
Пешаходам, як і заўсёды, трэба абавязкова глядзець па баках, не рабіць рэзкіх рухаў пры пераходзе дарогі і выкарыстоўваць флікеры.