У Беларусі назіраюцца праблемы з інтэрнэтам
18- 5.11.2024, 23:37
- 22,210
Вось што пішуць пра гэта людзі.
Як мы пісалі раней, у Беларусі сталі заўважныя праблемы з інтэрнэтам. Адпаведныя навіны ў TikTok сабралі тысячы каментароў: людзі паўсюдна сутыкаюцца з гэтымі праблемамі.
Прычым гэта датычыцца як кліентаў «Белтэлекама», так і мабільных аператараў, паведамляе «Наша Нiва».
Каментарый «Пасля 9 вечара кожны дзень пачынае тармазіць ці ўвогуле знікае як вай-фай, так і мабільны інтэрнэт» сабраў больш за 1850 падабаек.
«У мяне Life, і з верасня агідная якасць інтэрнэту», – піша яшчэ адзін карыстальнік.
«А1 рэальна тармозіць, менавіта па вечарах», – дадае іншы.
«МТС гэтак жа», – заўважае трэці.
«У мяне з А1 ніколі не было праблем, але як надышоў кастрычнік, кожны вечар інэт пачынае дрэнна працаваць», – чытаем у каментарах.
«Увесь кастрычнік менавіта вечарам з 18 гадзін інтэрнэт жудасны, відэасувязь выносіць мозг, вісіць TikTok», – скардзіцца яшчэ адзін карыстальнік. Гэта пацвердзілі 266 падабайкамі.
Некаторыя адзначаюць, што «Белтэлекам» - манапаліст трафіку ў краіне. Таму, калі праблемы ўзнікаюць у «Белтэлекама», яны закранаюць і іншых аператараў, якія набываюць у яго паслугі.
«Яны папярэджвалі, што [праблема] будзе дні 2-3 прыблізна, але дакладна не больш за тыдзень», – нагадвае яшчэ адзін чалавек.
Асобныя карыстальнікі заўважаюць, што «Белтэлекам» пісаў пра DDoS-атакі па вечарах. Са слоў іншага карыстальніка, у МТС яму паведамілі, што на іх «абрынуліся хакеры».
У A1 праблему растлумачылі варункамі надвор'я. «Цяпер тэлефанаваў у A1, сказалі, што гэта праз надвор'е», – паведамляе адзін з карыстальнікаў.
У той жа час частка людзей не заўважыла ніякіх праблем з інтэрнэтам:
«Не ведаю, у мяне ўсё нармальна», «У мяне таксама звычайны інтэрнэт, як і быў. А сябры скардзяцца, што ў іх інтэрнэт кепскі».
«Тым часам Кітай тэстуе 10G», – жартуе адзін з карыстальнікаў.
Аднак самую вялікую колькасць лайкаў сабраў каментар аб тым, што «такія праблемы назіраюцца ўжо 4-ы год, а не 10-ы дзень…».