Савецкія склады з набоямі ў РФ пустыя
6- 7.11.2024, 12:51
- 20,444
Уся надзея цяпер - толькі на пастаўкі з КНДР.
Пры цяперашніх тэмпах выкарыстання артылерыйскіх набояў, савецкія вайсковыя склады ў Расеі павінны ўжо былі спусцець. OSINT-аналітык, які піша ў Х пад мянушкай Just BeCause, вывучыў спадарожнікавыя здымкі і паспрабаваў высветліць, наколькі пустыя расейскія арсеналы і ці сапраўды скончыліся запасы савецкіх боепрыпасаў.
16/ The 51st arsenal, in September 2024, showed much less activity compared to October 2022. Sections near the train station are empty, likely due to either reduced shipments or an effort to keep everything inside bunkers for protection. It seems an incident occurred there. pic.twitter.com/H33b6yfsLR
— Just BeCause (@a_from_s) November 5, 2024
«Са звестак СМІ, толькі 30% набояў, якія зараз выкарыстоўвае Расея, зроблены ў краіне. Калі гэта дакладна, расейскія арсеналы боепрыпасаў савецкіх часоў павінны быць пустыя», - напісаў ён, адзначыўшы, што вясной 2024 года Расея выкарыстала ад 50 000 да 10 000 набояў на дзень.
Нягледзячы на вытворчасць 1 700 000 набояў за год з 2014 года, гэтага недастаткова для працяглай вайны. Таму новыя набоі паступаюць у РФ з Паўночнай Карэі.
Блогер адзначыў, што ў яго не было доступу да свежых спадарожнікавых здымкаў для кожнага расейскага арсенала, але ён вывучыў самыя буйныя.
“Першая - 1819-я артылерыйская база боепрыпасаў, дзе (відавочна) захоўваюцца артылерыйскія боепрыпасы. Да верасня 2024 года яна амаль пустая… Некаторыя боепрыпасы засталіся, але я б ацаніў, што 90% ужо няма, а астатняе пад пытаннем”, - адзначыў Just BeCause і далей пайшоў згодна са спісам:
2719-я артылерыйская база боепрыпасаў першапачаткова не мела вялікай колькасці боепрыпасаў, але да верасня 2024 года яна поўнасцю апусцела. Гэтая база ў асноўным выкарыстоўвалася для ўтылізацыі боепрыпасаў.
1215-я Цэнтральная артылерыйская база боепрыпасаў. Тая ж гісторыя. Я не ўпэўнены, што ў гэтых белых каробках, але сумняваюся, што на гэтым этапе там нешта можна выкарыстоўваць.
73-і арсенал ГРАУ (Галоўная ракетна-артылерыйская ўправа РФ): у асноўным падземныя бункеры, але адкрытыя складскія памяшканні былі амаль пустыя да верасня 2024 года. Відавочна, яны расчышчаюць тэрыторыю, магчыма, для новых бункераў. Тамака, відавочна, ёсць цягнік, загружаны 3-метровымі тонкімі скрынямі, магчыма, ракетамі РСЗА.
100-ы арсенал амаль пусты, вакол яго вялікія расчышчаныя тэрыторыі.
Для 7-га арсенала ў нас няма апошніх спадарожнікавых здымкаў, але да восені 2022 года значнае знясіленне ўжо было відавочна, і цэлыя секцыі зніклі.
51-ы арсенал у верасні 2024 года паказаў значна меншую актыўнасць у параўнанні з кастрычнікам 2022 года. Секцыі каля чыгуначнай станцыі пустыя, магчыма, праз скарачэнне паставак ці спроб захаваць усё ў бункерах для абароны.
"Гэтыя назіранні з арсеналаў, дзе захоўваюцца боепрыпасы звонку, паказваюць на тое, што засталося мала боепрыпасаў савецкай эпохі", – адзначае OSINT-аналітык. Паводле ягоных слоў, арсеналы бліжэй да мяжы з Украінай служаць лагістычнымі цэнтрамі для нядаўна вырабленых і выдадзеных Паўночнай Карэяй набояў. Некаторыя з іх былі нядаўна знішчаныя.
Таксама ён расказаў пра расейскія САУ. OSINT-аналітык мяркуе, што расейцы забралі больш за 8 тысяч САУ і буксаваных гармат (без мінамётаў) са складоў. Калі ў сярэднім яны выкарыстоўваюць 20 тысяч набояў на дзень, то да сярэдзіны 2024 года Расея выкарыстоўвала б больш за 18 млн набояў.
“Улічваючы, што руля гарматы страчвае дакладнасць прыкладна пасля 3000 набояў, можна меркаваць, што больш за 6 000 руляў маглі знасіцца. Аднак некаторыя з гэтых набояў з'яўляюцца мінамётнымі, а прылады са склада таксама замяняюць знішчаныя. Такім чынам, ацэнка на 8000 «выкарыстаных» артылерыйскіх гармат пасуе”, - сцвярджае Just BeCause.
На ягоную думку, Расея сапраўды вычарпала свае запасы набояў савецкай эпохі. Але пры гэтым многія недаацэньваюць ролю і ўклад Паўночнай Карэі ў вайну ва Украіне.
“З паведамленняў СМІ, Расея зараз вырабляе ад 3 да 4,3 млн набояў на год - 8000-12 000 на дзень, але гэтага недастаткова для падтрымання тэмпаў выкарыстання ў 2022-2023 гадах. Падтрымка Паўночнай Карэі мае вызначальнае значэнне. Артылерыйскія рэзервы Расеі па-ранейшаму істотныя, магчыма, іх хопіць яшчэ на два гады як мінімум. Вы можаце не пагадзіцца, але ў іх на складах больш артылерыйскіх гармат, чым танкаў і БМП разам узятых”, - рэзюмаваў Just BeCause, нагадаўшы, што ўжо з'явіліся паведамленні аб трэнінгах расейскіх салдат з паўночнакарэйскай артылерыяй.