«Шэры кардынал у камандзе Трампа»: што вядома пра будучую кіраўніцу апарата Белага дома
13- 8.11.2024, 14:15
- 8,804
Яна прынесла Трампу перамогу ў ключавым штаце - Фларыдзе.
Пераможца прэзідэнцкіх выбараў у ЗША Дональд Трамп вызначыўся з першым прызначэннем у сваёй новай адміністрацыі. Упершыню ў гісторыі кіраўніком апарата Белага дома стане жанчына - Сьюзан Уайлз.
Яна доўгі час працуе з Дональдам Трампам і фактычна прынесла яму перамогу ў ключавым штаце — Фларыда — у 2016 і 2020 гадах, які да гэтага быў «вагальным» штатам. Пра гэта расказала палітолаг-амерыканіст Аляксандра Філіпенка.
- Сьюзан Уайлз фактычна зараз на піку сваёй кар'еры, бо яна кіравала ўсімі аперацыямі, наогул усёй кампаніяй Save America PAC, якая збірала грошы на фінансаванне кампаніі Дональда Трампа. І яна фактычна кіравала ўвесь час прэзідэнцтва Дональда Трампа ўсімі яго аперацыямі ў Мар-а-Лага, ягоным гольф-клубе. Але гэта не проста гольф-клуб, гэта вельмі вялікая імперыя Дональда Трампа, якую ён перавёз з Нью-Ёрка ў Фларыду, - каментуе яна.
Са слоў палітолага, Уайлз заслужыла даверу Дональда Трампа, ён яе шануе, у тым ліку і таму, што яна засталася часткай ягонай каманды пасля таго, як ён пакінуў Белы дом.
«Яна карыстаецца вялікай павагай сярод супрацоўнікаў перадвыбарчага штаба і чальцоў Кангрэса. Яна такі шэры кардынал у камандзе Дональда Трампа. І ён яе не раз крытыкаваў за тое, што яна любіць дзесьці стаяць ззаду, на заднім плане, яе не відаць... Трэба сказаць, што ў пачатку стасункі ў Сьюзэн Уайлз і Дональда Трампа не зусім заладзіліся. Дональд Трамп думаў, што яна low energy, як ён любіць казаць, гэта значыць у яе малая энэргія, яна не занадта актыўная. На што яна сказала ў 2016 годзе: «Калі вы хочаце чалавека, які будзе хадзіць колам і падпальваць пажары, дык гэта не я. А я той чалавек, які прынясе вам перамогу ў Фларыдзе»... Пасля гэтага Трамп сапраўды перамог у Фларыдзе», - распавяла госця эфіру.
З ейнай ацэнкі: Сьюзан Уайлз - сур'ёзны гулец, зараз ужо вашынгтонскі.
«Яна будзе кіраўніцай адміністрацыі Дональда Трампа і, цалкам магчыма, яна прабудзе кіраўніцай адміністрацыі на працягу ўсяго прэзідэнцтва Трампа. Яна той чалавек, да якога Трамп будзе звяртацца, з якім Трамп будзе размаўляць, які будзе ўдзельнічаць, прынамсі, калі не ў прыняцці пастаноў, то ў абмеркаванні пастаноў. Таму Сьюзан Уайлз - гэта сапраўды вельмі важнае прызначэнне», - сказала Аляксандра Філіпенка.