Ліквідаваная Пінская каталіцкая семінарыя
5- 8.11.2024, 16:18
- 5,914
Семінарыя не прайшла перарэгістрацыю рэлігійных арганізацый у Беларусі.
Вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску прыпыніла сваю дзейнасць. Афіцыйна гэта не паведамлялася, аднак у царкоўных колах інфармацыя была вядомая.
Цяпер з'явілася пацвярджэнне: у публікацыі на Catholic.by пра рэкалекцыі для біскупаў пінская семінарыя, дзе праходзілі духоўныя практыкаванні, названая «былой», звярнуў увагу katolik.life.
На сайце Пінскай дыяцэзіі таксама ўказана, што ў 2024 годзе семінарыя прыпыніла сваю працу.
Імаверна, гэта першы значны вынік працэсу перарэгістрацыі рэлігійных аб'яднанняў, арганізаванага беларускімі ўладамі. Раней некаторыя святары выказвалі меркаванне, што семінарыя не «перажыве» перарэгістрацыю. Паводле закона арганізацыі, якія не могуць прайсці перарэгістрацыю, падлягаюць ліквідацыі.
У апошні час набор студэнтаў у пінскую семінарыю не праводзіўся, а яе памяшканні выкарыстоўваліся для рэкалекцый ды іншых сустрэч.
Глабальнай прычынай прыпынення магла стаць невялікая колькасць ахвочых стаць каталіцкімі святарамі. Хаця сёлета абітурыентаў было значна больш, чым у папярэднія гады.
Рэформа падрыхтоўкі да святарства ў Беларусі была абвешчаная ў 2018 годзе, калі пінская семінарыя страціла статус міждыяцэзіяльнай.
Такім чынам, цяпер у Беларусі засталася адна каталіцкая семінарыя - Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Гародні.
Пінскую семінарыю заснаваў у 1925 годзе біскуп Зігмунт Лазінскі. Яна функцыянавала да 1939 года. Пасля распаду СССР яе адраджэнне і новае адкрыццё адбылося ў 2001 годзе дзякуючы намаганням кардынала Казіміра Свёнтэка.