Bloomberg: Эканоміка Расеі дайшла да крытычнага пункта
6- 1.12.2024, 13:48
- 11,714
Сілы працягваць вайну падаюць.
У 2025 годзе магчымасці Расеі працягваць вайну істотна знізяцца, эканаміст HSBC Меліс Мецінер мяркуе, што нават заканчэнне вайны не выратуе эканоміку РФ ад стагнацыі.
Згодна з аналізам Bloomberg, у 2025 годзе Расея сутыкнецца з фундаментальнымі эканамічнымі праблемамі, якія пазбавяць улады магчымасці стрымліваць рост коштаў.
У выніку эканоміка апынецца перад выбарам паміж падтрыманнем унутранай стабільнасці і працягам фінансавання вайны ва Украіне.
Эксперты мяркуюць, што гэты крызіс гуляе на руку Украіне, аслабляючы эканамічную моц агрэсара.
Глабальныя праблемы эканомікі Расеі.
У публікацыі Bloomberg Аляксандр Ісакаў, эканаміст і былы супрацоўнік Цэнтрабанка Расеі, сцвярджае, што Масква вычарпала больш за палову ліквідных рэзерваў Фонду нацыянальнага дабрабыту (ФНД) на падтрыманне курсу рубля.
За два гады (з лютага 2022 да кастрычніка 2024 года) ліквідныя рэзервы ФНД скараціліся з $140 млрд да $55 млрд, а з улікам золата - да $31 млрд, што адпавядае ўзроўню 2008 года. Курс рубля працягвае падаць: у лістападзе ён дасягнуў рэкорднага мінімуму - 115 рублёў за даляр.
Для барацьбы з інфляцыяй Цэнтрабанк павысіў ключавую стаўку да 21%, што ўдарыла па кошце крэдытаў.
Такія захады, на думку Ісакава, не змогуць спыніць інфляцыю, а стаўкі застануцца двухзначнымі на доўгія гады.
Наступствы для расейскай эканомікі
Зніжэнне рэзерваў і дэвальвацыя рубля прымусяць Крэмль перагледзець эканамічную палітыку.
Вайсковая эканоміка
На думку Ісакава, Крамлю давядзецца перанакіраваць рэсурсы з неістотных сектараў, такіх як паслугі і будаўніцтва, у вайсковую прамысловасць.
Гэта прывядзе да ўзмацнення эканамічнага ціску на грамадзян і бізнэс.
Стагнацыя росту
Bloomberg Economics прагназуе, што рост ВУП Расеі замарудзіцца з 3,1% у 2024 годзе да 1% у 2025 годзе. Міжнародны валютны фонд (МВФ) дае падобны прагноз – 1,3%. Асноўныя прычыны - зніжэнне спажывання і інвестыцый у прыватны сектар.
Эканаміст HSBC Меліс Мецінер мяркуе, што нават заканчэнне вайны не выратуе расейскую эканоміку ад стагнацыі: негатыўныя дэмаграфічныя трэнды, слабая прадукцыйнасць і абмежаваны доступ да фінансавання будуць тармазіць аднаўленне.
Уплыў на вайну і выгады для Украіны
Эканамічны крызіс у Расеі аслабляе яе здольнасць фінансаваць вайну з Украінай. Вычэрпванне рэзерваў робіць Крэмль больш уразлівым да ваганняў коштаў нафты, а ўнутраныя эканамічныя праблемы абмяжоўваюць падтрымку сярэдняга класа, які ўжо пакутуе ад інфляцыі і росту коштаў крэдытаў.
Украіна, у сваю чаргу, атрымлівае дадатковую перавагу: эканамічнае паслабленне агрэсара дазваляе ўзмацніць ціск на фронце і прыцягнуць больш міжнароднай падтрымкі.
Ва ўмовах, калі Расея будзе змушаная выбіраць паміж «гарматамі і маслам», яе магчымасці працягваць вайну істотна знізяцца.
Прагнозы
2025 стане для Расеі годам спажывецкага скарачэння і пераразмеркавання рэсурсаў на карысць вайсковых патрэб.
Гэта толькі ўзмоцніць разрыў паміж уладай і грамадствам, прыслабіўшы пазіцыі Масквы як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне.
Для Украіны гэты сцэнар адкрывае магчымасці паскорыць свой рух да перамогі, адначасова аслабляючы эканамічны і палітычны патэнцыял агрэсара.