На мяжы Літвы з Беларуссю змяніліся правілы для кіроўцаў фургонаў
- 1.12.2024, 15:07
- 3,004
Што адбылося са снежня?
З 1 снежня на мяжы Літвы з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расеі набывае моц абавязковая папярэдняя рэгістрацыя для цяжкавікоў.
Кіроўцы цяжкавікоў абавязаныя загадзя рэгістравацца ў сістэме. Мяркуецца, што такі захад дапаможа скараціць вялізныя чэргі, якія сфармаваліся на беларуска-літоўскай мяжы, піша мясцовае выданне LRT.
Фургоны змогуць прыязджаць у зону чакання бліжэй да зарэзерваванага часу і не пакутаваць ад доўгага чакання ў фізічнай чарзе без камфортных бытавых умоў. Калі грузавікі прыбываюць у зону чакання без папярэдняга запісу, іх можна зарэгістраваць на найбліжэйшы вольны час.
Каб патрапіць у электронную чаргу, трэба заплаціць рэгістрацыйны збор. За кошт гэтых збораў плануецца атрымаць 176 тысяч еўраў. Але на абслугоўванне і рэгуляванне чэргаў спатрэбіцца амаль 490 тысяч.
«Папярэдняя рэгістрацыя ўсёй грузавой тэхнікі ў электроннай чарзе з'яўляецца важным захадам для павышэння агульнага ўзроўню бяспекі на мяжы з Беларуссю і Расеяй. І для таго, каб на нашых памежных пунктах больш не ўтвараліся кіламетровыя чэргі з прычэпаў», - тлумачаць у Міністэрстве транспарту і камунікацый Літвы.
Паводле звестак ведамства, самыя доўгія чэргі ўтвараюцца на мяжы з Беларуссю ў снежні і красавіку - перад Калядамі і Вялікаднем. Максімальная чарга расцягвалася на 23 кіламетры, у ёй стаялі 900 цяжкавікоў.