Капітан ВМС Украіны: Расеі дасталася роля малпы
7- 11.12.2024, 16:56
- 15,472
У найбліжэйшыя дні расейцаў у Сірыі не будзе.
Расейцы хаваюць свае караблі ад сірыйскіх паўстанцаў. Эскадру ВМФ РФ вывелі ў адкрытае мора з базы Тартус. Капітан ВМС Украіны I рангу, кіраўнік вайсковых праграм Цэнтра глабалістыкі "Стратэгія ХХI" Павел Лакійчук распавёў сайту Charter97.org, што будзе азначаць страта гэтай базы для Расеі:
- Цяпер няма інфармацыі аб тым, што расейцы страцілі базу ў Тартусе і авіябазу ў Хмейміме, але ўсё да гэтага ідзе. У найбліжэйшыя дні расейцаў у Сірыі не будзе. Спачатку, мусіць, пагаворым аб ваенна-марской базе. Расейская ваенна-марская база ў Тартусе афіцыйна называецца 720-ы пункт матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння (ПМТЗ), а не вайсковая марская база.
Яна дасталася ў спадчыну ад савецкага вайсковага марскога флоту ў Міжземным моры. Была такая 5-я Міжземнаморская эскадра караблёў ВМФ. Для яе функцыянавання ў Чырвоным моры, у Міжземным моры, быў разгорнуты цэлы шэраг такіх пунктаў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, якія былі прызначаны для запраўкі палівам, харчаваннем, іншай маёмасцю караблёў эскадры, для іх рамонту.
Вось у такіх ПМТЗ базавалася плывучая майстэрня, судны забеспячэння, якія абслугоўвалі баявыя караблі. Пасля распаду Савецкага Саюза практычна ўсе такія ПМТЗ у Міжземным моры былі ліквідаваны. За выключэннем аднаго - расейцам удалося захаваць такі ПМТЗ ў сірыйскім Тартусе.
Ён займае паўночную частку Тартускага порта. Ваенна-марская база ў Тартусе была значна пашырана, калі расейцы ваявалі ў Сірыі. Калі паглядзець, то Расея захапіла тэрыторыю на подзень ад сірыйскага суднарамонтнага завода. Яна супастаўная па магчымасцях з пунктам базавання расейцаў у Новарасейскай ваенна-марской базе. Гэта геапорт, дзе базуецца ўвесь пакінуты Чарнаморскі флот зараз.
Можаце ўявіць сабе страту такога аб'екта для Расейскага ВМФ. Фактычна ў Міжземным моры яны страчваюць астатнюю апору. Яшчэ год таму расейцы вялі перамовы і разважалі аб пашырэнні свайго ўплыву ў Міжземным моры, у Чырвоным моры, з Еменам і Суданам спрабавалі дамовіцца аб стварэнні яшчэ адной дадатковай базы.
Праўда, атрымалі адмову. Аднак размова ішла аб пашырэнні расейскай прысутнасці ў Міжземным моры. Цяпер, у выпадку страты Тартуса, расейцы застаюцца ў Міжземным моры непрыкаянымі.
Найперш, у нармальных дачыненнях Расеі з еўрапейцамі, яны маглі сабе дазволіць акрамя гэтай базы запраўляцца, дастаўляць дэталі і неабходныя рэчы праз аэрапорты і парты ў еўрапейскіх краінах. Лімасол на Кіпры фактычна выкарыстоўвалі як дапаможны шлях дастаўкі нейкіх грузаў для сваіх караблёў. Але зараз расейцы і тамака непажаданыя госці. Пуцін зрабіў усё, каб яго выгналі з Міжземнага мора.
- Калі браць глабальную сітуацыю - Расея страчвае Міжземнае мора, дзякуючы марскім дронам Украіны ў РФ вялікія праблемы ў Чорным моры, Балтыйскае мора стала “ўнутраным возерам NАТО”. Ці застаецца Расея "сілай" на моры, з якой лічацца?
- Расея вялікая краіна, яе вайсковы марскі флот складаецца з цэлага шэрагу флатоў. Гэта Паўночны флот, які дыслакуецца пераважна на Кольскай паўвыспе Расеі, і з'яўляецца асновай яе вайсковай магутнасці. Тамака ёсць атамныя падводныя лодкі з балістычнымі ракетамі, асноўны складнік ядзернай трыяды, зусім да нядаўняга часу базаваўся іх адзіны так званы авіяносны крэйсер «Адмірал Кузняцоў», які, хутчэй за ўсё, ужо ў моры не выйдзе. Асноўная сіла флоту ў іх канцэнтравалася там.
Таксама ёсць Ціхаакіянскі флот з двух флатылій - Прыморская флатылія ва Уладзівастоку, а таксама Камчацкая флатылія, яшчэ меншая ў колькасці. Гэты флот саступае сваёй магутнасцю Паўночнаму флоту, але гэта таксама даволі сур'ёзная вайсковая сіла.
Ёсць яшчэ флоты меншыя - гэта Балтыйскі і Чарнаморскі, але яны і ў ранейшыя часы былі дапаможнымі адзінкамі. Расейцы разумелі, што фактычна яны замкнутыя ў сваёй акваторыі, што і пацвердзіў сённяшні дзень.
Каспійскую флатылію мы наогул не ўлічваем. Так, там ёсць носьбіты “Калібраў”, так, яны могуць па нас біць, так, яны могуць выйсці ў Чорнае мора, але сілы, якія нават нельга параўнаць з моцай пабітага Чарнаморскага флоту. На сённяшні момант казаць аб тым, што Балтыйскі і Чарнаморскі флот вызначаюць сілу Расейскага флоту, не зусім правільна.
Украіна (ды і не толькі яна) дэманструе сваёй тактыкай дзеянняў, што ў закрытых морах, на малых тэатрах, перавагу пры вядзенні баявых дзеянняў вызначаюць зусім не вялікія караблі. Вялікія караблі для малых тэатраў - гэта проста вялікія мішэні. Гэта тычыцца не толькі Чорнага і Балтыйскага мора, а і Міжземнага, дарэчы, таксама.
Што да акіянскай моцы, то і тут Расея не ў вельмі добрым становішчы. Вайна прадэманстравала, што фінансаванне флоту не задавальняе іх асноўныя патрэбы. Так, яны вырабляюць невялікія караблі прыбярэжнай зоны, што да вялікіх караблёў, то і там Расея ўжо не будаўнік. Яна не можа цягацца ні са Злучанымі Штатамі, ні тым больш ужо з Кітаем, які выступае тыграм у Ціхаакіянскім рэгіёне. Расеі ж дасталася роля малпы.
Вялікія караблі РФ, якія яна мела, фактычна дажываюць свой век. Гэта і той жа "Адмірал Флоту Савецкага Саюза Кузняцоў", які знаходзіцца ў пастаянным рамонце і, хутчэй за ўсё, ужо ў моры ніколі не выйдзе, гэта і "Пётр Вялікі", атамны крэйсер, які быў флагманам вайсковага марскога флоту Расеі, карабель савецкай пабудовы, які будзе спісаны.
Цяпер на замену яму спрабуюць увесці ў склад флоту "Адмірала Нахімава". Гэта таксама ракетны крэйсер класа "Кіраў", пабудаваны ў савецкі час, але ён быў у рамонце і кансервацыі з 95-га года мінулага стагоддзя. Вось днямі ён выйшаў у мора для хадавых выпрабаванняў, але гэта таксама блеф і інфармацыйны шар у лузу.
Расея больш не акіянская дзяржава, яна не мае тых магчымасцяў і здольнасцяў, якія меў нават савецкі вайсковы марскі флот. Гэта бачаць і яе так званыя ворагі - Злучаныя Штаты, Брытанія, еўрапейцы, але таксама і партнёры або супольнікі, якіх таксама можна назваць у нейкім сэнсе ворагамі, канкурэнтамі. Канкурэнты Расеі на Ціхаакіянскім тэатры - гэта Кітай і Індыя, якія ўжо маюць флаты на парадак большыя, чым Расейская імперыя.
- Як уцёкі расейцаў з Сірыі могуць паўплываць на маральны стан расейскіх вайскоўцаў, якія цяпер ваююць супраць Украіны?
- З нашага пункту гледжання - станоўча, гэта добры досвед, як трэба вяртацца дадому - хутка, кідаючы ўсё, што накрадзена непасільнай працай. Тое, як у гэтыя гадзіны адбываецца эвакуацыя расейскіх сіл з Сірыі, - гэта паказчык таго, што амерыканцы з Афганістана ўцякалі не так хутка. Высвятляецца, можна ўцякаць хутчэй, ды і з вялікімі стратамі.
Адначасова ёсць інфармацыя аб тым, што ізраільцяне ўжо бамбуюць Расейскія аб'екты ў Сірыі, якія або ўжо кінутыя, або расейцы іх кідаюць. Гаворка ідзе і пра Тартуса. Хутчэй за ўсё, там ізраільцяне бамбуюць сірыйскую брыгаду ракетных катараў, якая ў тым жа пункце базавання дыстанцыявалася, акурат пасярэдзіне расейскага ПМТЗ. Гэта сігнал - жаба яшчэ не здохла, але яе ўжо крояць.